Парафіяльная падзея “Адкрыццё на церпячых людзей”: Хвароба - не праклён, а Божая ласка
- Падрабязнасці
- Апублікавана 12.02.2014 11:32
11 лютага вернікі нашай парафіі далучылі свае малітвы да малітваў за хворых, якія ўзносіліся ва ўсім свеце з нагоды Сусветнага дня хворага.
Чарговая парафіяльная падзея “Адкрыццё на церпячых людзей” стала добрай магчымасцю атуліць усіх хворых малітвай і клопатам, паказаць іх значнасць у жыцці парафіі. Ксёндз пралат Мечыслаў Янчышын падкрэсліў падчас казання, што хвароба не праклён, не пакаранне, а Божая ласка. Хворыя пакліканыя для паяднання з Хрыстом Церпячым, для ахвяравання сваіх цярпенняў дзеля збаўлення сваіх блізкіх і ўсяго свету. Кожны чалавек павінен дапамагаць па меры сваіх магчымасцяў хворым у нясенні цяжкага крыжа. Узносіліся малітвы за ўрачоў і усіх медыцынскіх работнікаў, за тых, хто атуляе чулай любоўю і клопатам хворых у сем’ях. Святары ўдзялілі сакрамант намашчэння хворых, каб надзяліць вернікаў асаблівай ласкай умацавання, супакою і мужнасці ў жыццёвых выпрабаваннях.
Пасля св. Імшы адбыўся невялікі канцэрт на знак таго, што хрысціянскае жыццё павінна быць радасным нават у цярпеннях.
Алена Пажога, тэкст
Марына Сінкевіч, фота