Парафіяльны тэатр з Браслава прадставіў глыбачанам спектакль-камедыю “Куды ноч, туды і сон”

spektakl08У нядзелю, 16 лютага ў Глыбоцкім РДК гледачам быў прадстаўлены спектакль Браслаўскага парафіяльнага тэатра “Куды ноч, туды і сон”.


Дзея спектакля адбываецца ў вёсцы,дзе жывуць дзве жанчыны - Хадора і яе суседка, якія ўвесь час спрачаюцца між сабой, высвятляючы, хто з іх лепшы. Аднойчы, страціўшы прытомнасць, Хадора пападае ў пекла. Чэрці ўзрадаваліся яшчэ адной грэшніцы. Аднак нядоўга радаваліся, бо і тут Хадора паказала сябе… Чэрці вырашаюць адправіць яе далей - у рай, да Бога.

Хадора ў раі… Яе сустракае св. Пётр. Жанчына не разумее, чаму Пётр не пускае яе ў рай. Тады святы паказвае ёй кнігу яе ўласнага жыцця без аніводнай добрай справы. Такой не месца ў раі. Св. Пётр варочае Хадору на зямлю, даўшы ёй світак з законамі Божымі, каб яна перагледзіла і выправіла сваё жыццё.
З першых хвілін гульня артыстаў захапіла гледачоў, бо галоўная думка спектакля закранула кожнага, яна вельмі блізкая да нашай рэчаіснасці. Мы часта судзім другіх людзей, а сваіх грахоў не бачым. Спектакль дапамог нам крыху па-іншаму паглядзець на ўзаемаадносіны людзей у штодзённым жыцці.
Атмасфера ў зале была вельмі добразычлівай. Глыбачане з вялікім задавальненнем успрынялі гэту пастаноўку. Нам вельмі спадабалася таленавітая гульня як дарослых, так і маленькіх актораў, выдатная пастаноўка рэжысёра і музычнае суправаджэнне. Шчыра дзякуем і запрашаем зноў.



Галіна Сінкевіч, тэкст
Яніна Кісель, фота