Крыжовы шлях па вуліцах нашага горада

kryzhovy szlahВялікая пятніца – гэта асаблівы дзень у жыцці кожнага веруючага чалавека. Традыцыяй Каталіцкага Касцёла з'яўляецца перажыванне Крыжовага шляху, а менавіта ўспамін апошніх гадзін жыцця нашага Збаўцы, Яго пакутаў і смерці на крыжы.



У Глыбоцкай парафіі Святой Тройцы ўжо чарговы год запар у гэты асаблівы дзень, дзень задумы, сабраліся шматлікія вернікі, каб прайсці вуліцамі горада ўслед за Крыжом і перажыць супольна Муку Пана.

Вельмі ўражвала колькасць вернікаў, якія з крыжамі ў руках ішлі па вуліцах роднага горада, даючы гэтым сведчанне жывой веры. Ідучы ў натоўпе людзей, мяне агарнялі думкі пра тое, што гэта сам Хрыстус ішоў па горадзе і заклікаў праз гэтую падзею задумацца людзей, што проста стаялі збоку і назіралі. А такіх, проста мінакоў, было шмат.

Крыжовы шлях у Глыбокім стаў важнай падзеяй не толькі для парафіянаў, але і для ўсіх жыхароў наогул, бо гэта малітва была ахвяравана ў іх інтэнцыі і ў інтэнцыі ўсяго горада.

Пасля пройдзенага разам з Хрыстом шляху, а таксама пасля разважання над сваім жыццём ў святле Мукі Езуса і Яго вялікай Любові да кожнага, сваімі ўражаннямі падзяліліся некаторыя ўдзельнікі падзеі:

Ядвіга Саўчанка: «Маё сэрца напаўняецца радасцю перш за ўсё ад таго, што я не адчуваю сораму, але толькі радасць, што я пасярод горада магу ўкленчыць, праяўляючы такім чынам сваю веру, і няхай другія глядзяць. І нас такіх шмат. Таксама мяне вельмі ўзрушвае Крыжовы шлях менавіта па вуліцах горада, таму што ад стацыі да стацыіі я магу разважаць пра сваіх сябровак, пра іх сем'і, пра сваіх бацькоў і родных, і пра ўсіх тых, каго ведаю і каго не ведаю. Проста ахвярую гэты Крыжовы шлях за тых, хто можа ніколі не ўдзельнічаў у ім па нейкіх прычынах».

Вераніка Сурвіла: «Да глыбіні душы ўразілі словы, якія былі сказаныя ў час Крыжовага шляху, прымусілі задумацца і пераасэнсаваць некаторыя моманты свайго жыцця і паспрыялі таму, каб жыць лепш і быць лепшым у гэтым свеце».

Генадзь Бервячонак: «Я ўдзельнічаю ў гарадскім Крыжовым шляху ўжо чацвёрты раз. Памятаю таксама свой першы Крыжовы шлях, які прайшоў разам з усімі парафіянамі. Тады я не зусім прАвільна разумеў і адчуваў, але з кожным годам павялічваліся мае ўражанні і гонар за нашых людзей, з якімі мне даводзіцца размаўляць, разам хадзіць да святыні. Для мяне такі Крыжовы шлях стаў як пілігрымка ў Росіцу, у якой я ўдзельнічаў упершыню ў мінулым годзе. Я звярнуў увагу на тое, што, ідучы вуліцамі нашага гораду, некаторыя людзі, якія міналі нас ці ехалі на машынах, проста, на жаль, не разумелі, што адбываецца. Вельмі хацелася б, каб яны зразумелі сэнс гэтай падзеі. Будзем за іх маліцца»

Святлана Трапук: «Вельмі цяжка сказаць пра свае ўражанні пасля Крыжовага шляху, таму што думкі былі вельмі сканцэнтраваны менавіта на гэтай дарозе. Усе разважанні, якія падрыхтавалі вернікі, былі вельмі глыбокімі і сучаснымі, яны краналі самыя тонкія струны сэрца. Пачынаю задумвацца над нейкімі жыццёвымі пытаннямі».

Кс. Мечыслаў Янчышын: «Чарговы раз, у Вялікую пятніцу, мы выйшлі з парафіяльнага касцёла на Крыжовы шлях. Заўседы, калі праходжу гэты Крыжовы шлях нашымі вуліцамі, мне здаецца, што побач ідзе Езус, які цярпеў і якога я не заўважыў. Здаецца, мы ў нашым жыцці так часта не заўважаем людзей, не заўважаем, што ў іх Езус чакае нашай дапамогі, нашай рукі, нашай усмешкі, нашага сэрца».

 

Марына Брылёнак, тэкст
Карына Канапелька, фота