Валанцёры "Карытас" падзяліліся радаснай весткай з дзецьмі і хворымі

caritas pasha0720 красавіка валанцёры парафіяльнага "Карытас" разам з кс. Мечыславам Янчышынам, загадчыкам неўралагічнага аддзялення Казімірам Яцына з радаснымі словамі "Хрыстус уваскрос!" наведалі мясцовы шпіталь. Нагодай да гэтага стала вялікая ўрачыстасць Уваскрасення Хрыстовага, якую ў гэтым годзе перажываюць разам каталікі і праваслаўныя.

 

З усмешкай на твары, яйкам і віншавальнай паштоўкай у руцэ заходзілі валанцёры разам са святаром і ўрачом у кожную палату і віншавалі ўсіх, пачынаючы ад радзільнага аддзялення і дзяцей, і так па чарзе да ўсіх хворых. Таксама цёплыя словы віншаванняў былі скіраваныя медычнаму персаналу.

Яшчэ ў гэты святочны дзень кс. Вячаслаў Пялінак з валанцёрамі наведалі сацыяльны прытулак, дзе знаходзяцца 11 дзетак. Госці павіншавалі ўсіх прысутных з Пасхай і пакінулі падарункі.

Перажываючы ўрачыстасць Хрыстовага Уваскрасення, мы павінны памятаць, што Езус, перамогшы смерць, прынёс нам радасць, любоў і супакой. І гэтым усім мы павінны дзяліцца з іншым чалавекам.



Марына Брылёнак, тэкст
Марына Сінкевіч, Таццяна Кухта, фота