Святарскае пасвячэнне дк. Яна Кароткіна

ks jan karotkin3 мая ў санктуарыі Маці Божай Валадаркі Азераў у Браславе падчас урачыстай св. Імшы адбылося святарскае пасвячэнне двух сыноў Віцебскай зямлі: дк. Яна Кароткіна (Урбаны) і дк. Аляксандра Фядотава SCJ (Шаркаўшчына).

Гэты майскі дзень стаў самым цудоўным і памятным днём у іх жыцці – яны сталі святарамі.


Святарства – гэта вялікі дар і не кожны яго можа атрымаць. Езус выбраў менавіта іх, захацеў падзяліцца з імі гэтым дарам, каб сталі Яго паслядоўнікамі. Каб так як Ён падчас Апошняй Вячэры даў Сваё Цела і Кроз, так і Яны давалі Яго Цела і Кроў нам кожны дзень і дапамаглі дасягнуць Нябеснага Валадараства.

Святарства – гэта таксама прыгожы, але нялегкі шлях. Таму хочацца падзякаваць перш за ўсе Богу за дар паклікання кс.Яна, бацькам Мікалаю і Яніне - за выхаванне сына, кс. Яну – за гэты выбраны шлях, а таксама за дапамогу і працу падчас дыяканскай практыкі ў нашай парафіі. І ад усяго сэрца хочам пажадаць супакою ў сэрцы, моцы ў жыцці, святла ў пакліканні, усмешкі на твары, радасці ў душы, любові да парафіян і жыцця, бо яно, зачэрпнутае з крыніцы, якой ёсць Хрыстус, ужо не канчаецца ніколі.

Шчыра дзякуем кс. Яну і абяцаем сваёй малітвай падтрымліваць яго.


Алёна Фянько
Марына Сінкевіч, Алёна Фянько, фота