"Будзь Прыгожым Пастырам!": прыміцыйная Імша кс. Яна Кароткіна ў Глыбокім

primicja11 мая ў Глыбокім адбылася прыміцыйная Імша кс. Яна Кароткіна, які тыдзень таму атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне з рук ксяндза біскупа Алега Буткевіча ў Браславе. Яшчэ месяц назад ён быў дыяканам на практыцы, а сёння цэлебраваў першую Літургію ў глыбоцкім касцёле і маліўся за нашу парафію.

На самым пачатку Літургіі пробашч парафіі, кс. Мечыслаў Янчышын вельмі шчыра прывітаў новапрэзбітара і заахвоціў усіх прысутных маліцца ў інтэнцыі маладога святара.


"Сёння нядзеля Добрага Пастыра. Ксёндз Ян, ты ніколі не забудзеш, што менавіта ў гэты дзень у нашай парафіі адбылася твая прыміцыйная Імша", - звярнуўся да святара-прыміцыянта на пачатку гаміліі кс. Вячаслаў Пялінак.

"Хрыстос падчас Апошняй Вячэры абмываў ногі сваім вучням, менавіта ногі, а не галаву ці рукі. Ногі - самая брудная частка цела ў чалавека. Па іх можна зразумець, дзе чалавек хадзіў, быў, а адсюль і зграшыў. Ойча, ніколі не бойся бруду, бруду іншага чалавека. Бо Хрыстос запрашае браць тое, што бруднае ў чалавека, каб потым ачысціць, абмыць...без боязі. Сённяшні святар не павінен баяцца бруду. Памятай аб гэтым!(...) Хрыстос вучыць нас нахіляцца над тым, што самае нягоднае ў чалавека і ў яго жыцці", - прамовіў святар.

На заканчэнне казання кс. Вячаслаў заклікаў прысутных вернікаў і кс. Яна маліцца за тых людзей, якіх Бог спашле новапрэзбітару. "У габрэйскай мове няма слова "добры" і ў Бібліі таксама. Замест гэтага слова ўжываецца "прыгожы". Таму жадаю Табе, дарагі кс.Ян, быць Прыгожым Пастырам!"

Шчырыя словы віншавання і ўдзячнасці прагучалі ў адрас прыміцыянта, меладычны спеў моладзі закрануў сэрца кожнага прысутнага, на вачах многіх можна было заўважыць слёзы, слёзы радасці і падзякі. Гук апладысментаў хваляй разліўся па ўсім касцёле.

У канцы ўрачыстасці адбылося прыміцыйнае бласлаўленне. Падыходзячы да кожнага, святар ускладаў намашчаныя рукі на галовы вернікаў. У знак удзячнасці людзі цалавалі яму далоні.
"Бог выбраў неразумнае свету, каб пасароміць мудрых, і кволае, каб пасароміць магутных..." - выбраныя словы змешчаны на прыміцыйным абразку маладога святара Яна, які толькі пачынае свой святарскі шлях і вельмі просіць аб малітве.


Марына Сінкевіч