Глыбоцкія валанцёры прынялі ўдзел у практычным семінары, які праводзілі прадстаўнікі Мальтыйскай службы дапамогі з Германіі

Minsk caritas nemcyЗ 12 па 16 мая ў цэнтры “Карытас” Мінска–Магілёўскай архідыяцэзіі адбыліся два туры семінара ў рамках праекта “Арганізацыя службаў самадапамогі для ўмацавання парафіяльных “Карытас” у Беларусі”. На гэту сустрэчу прыехалі валанцёры з розных куточкаў нашай краіны. Прымалі ўдзел прадстаўнікі з усіх дыяцэзій Беларусі.

Мэтай дадзенага праекта з’яўлялася навучанне асновам валанцёрства, а таксама набыццё практычных ведаў, патрэбных у працы з рознымі катэгорыямі людзей, на вопыце Мальтыйскай службы дапамогі з Германіі.

Семінар, арганізаваны БКТ “Карытас” Мінска-Магілёўскай дыяцэзіі пры супрацоўніцтве з Мальтыйскай службай дапамогі, стаў часткай вялікага праекта Беларускага Нацыянальнага “Карытас”. Каардынатарам гэтай сустрэчы была Вераніка Шэнда.

Падчас трэнінга прысутныя мелі магчымасць не толькі пачуць шмат адказаў на хвалюючыя пытанні, але і практычна паспрабаваць свае магчымасці і набытыя веды.

Сустрэчу праводзілі ўдзельнікі Мальтыйскай службы дапамогі з Германіі, прафесіяналы сваёй справы. Гэта адчувалася ў кожным іх слове і руху, бо гэта людзі, якія штодзённа нясуць дапамогу іншым. Падчас семінара разглядаліся такія тэмы, як аказанне першай дапамогі, дагляд людзей старэйшых і самотных на даму, дагляд старэйшых людзей з дэменсіяй.

Вялікую вартасць мела практычная частка праграмы. Бо, як казалі самі ўдзельнікі: “Назіраць і слухаць – гэта адна справа, а вось самаму зрабіць - зусім іншая, адразу запамінаеш”. Такі стыль семінара садзейнічаў не толькі ўмацаванню ведаў, але і добраму настрою прысутных.

Падчас сустрэчы быў прысутны дырэктар “Карытас” Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі кс. Аляксандар Фамяных. Таксама ён быў і адным з самых актыўных удзельнікаў практычных заняткаў.

На заканчэнне прагучала шмат цёплых слоў удзячнасці ў кірунку гасцей з Германіі, якія прыехалі, каб падзяліцца сваім вопытам з прысутнымі. Навыкі, якія яны перадалі беларускім валанцёрам, могуць спатрэбіцца ў кожную хвіліну іх жыцця.

У сваю чаргу дырэктар Мальтыйскай службы дапамогі Алоіс Шмігельт падзяліўся з прысутнымі сваімі меркаваннямі і перажываннем, звязаным з праектам, які распачалі. Таксамам пажадаў усім плённа выкарыстоўваць атрыманыя веды. А на словы прысутных “Дзякуем, што вы заўсёды клапоціцеся пра нашу краіну!” адказаў: “Кавалачак маёй душы заўсёды ў Беларусі!”.


Марына Брылёнак, тэкст
Вераніка Шэнда, Марына Сінкевіч, фота