І пілігрымка на роварах у гісторыі Глыбоцкай парафіі

budslau velo471 ліпеня а 7 гадзіне раніцы распачала свой шлях да Будслава першая пілігрымка на роварах з Глыбокага.
56 кіламетраў, 24 пілігрымы і 24 ровары. Самаму старэйшаму пілігрыму 59 год, самаму малодшаму - 15 год.


Патрымліваў сваім словам і ўсмешкай кс. Вячаслаў Пялінак, які сам ўпершыню ехаў на ровары разам з пілігрымамі.

Падчас дарогі здарылася вельмі цікавая сітуацыя. Не праехаўшы нават і паловы шляху, у адной удзельніцы ў ровары лопнула кола, а запаснога не было. Вельмі пашчасціла, што гэта здарылася ў вёсцы, а не дзесьці сярод поля ці лесу. Пакінулі яе чакаць машыну, а самі вырушылі далей. Праз некаторы час яе падвозяць на машыне, і яна сядае і едзе на сваім ровары. На пытанне "як увогуле атрымалася замяніць кола?" атрымалі адказ: "Праязджаў на ровары мужчына, мясцовы жыхар в. Лісавічы (Докшыцкі р-н), заўважыўшы непаладку, затрымаўся, пачаў пытацца "што ды як", а пазней адкруціў кола са свайго ровара са словамі "вам жа больш патрэбна" і замяніў ей лопнутае кола". Праз усю дарогу жанчына ўсім як бы напамінала, што свет не без добрых людзей.

Дзякуючы гэтаму мужчыну, наша пілігрымка змагла ў поўным складзе прыехаць да Божай Маці ў Будслаў.



Падмацаваўшыся смачным абедам у Параф'янаве і нягледзячы на стому, некаторыя "аварыі" з роварамі, спёку, вялікі вецер і падчас апошніх кіламетраў дождж, усе шчаслівыя і з усмешкай пад'ехалі да санктуарыя. На сходах самую першую пілігрымку ў 2014 годзе прывітаў айцец францішканін і, асвяціўшы вадой, запрасіў у святыню.

Глыбоцкія пілігрымы змаглі прыняць удзел у святочных Імшах 1 і 2 ліпеня, пабачыць "ціхі і просты" Будслаў без вялікіх натоўпаў людзей.

Але на гэтым велапілігрымка "Глыбокае-Будслаў-Глыбокае" не скончыла свой шлях. Перад намі была зноў дарога, а менавіта дарога вяртання дадому. "Падмацаваўшыся" ласкамі ад Маці Божай Будслаўскай, 2 ліпеня вечарам мы з новымі сіламі вярнуліся ў Глыбокае, бо 3 ліпеня распачынае свой шлях пешая пілігрымка, у якой зноў распачнуць свой шлях да Будслава, але ўжо пешшу, шматлікія велапілігрымы.



Марына Сінкевіч, тэкст і фота