25 ліпеня кіроўцы адзначылі ўспамін свайго апекуна св.Крыштафа
- Падрабязнасці
- Апублікавана 26.07.2014 11:05
25 ліпеня - Касцёл адзначае ўспамін св. Крыштафа, які з’яўляецца апекуном вадзіцеляў. У гэты дзень у каталіцкіх святынях адбываецца благаслаўленне вадзіцеляў і асвячэнне транспартных сродкаў.
Касцёл нагадвае, што не варта ставіцца да асвячэння аўтамабіля як да нейкага магічнага рытуалу. Асвячэнне накладае і пэўныя абавязкі. Вадзіцель павінен імкнуцца не парушаць правілы дарожнага руху. Калі ён вядзе сябе на дарозе некарэктна ў адносінах да іншых удзельнікаў дарожнага руху, рызыкуе бяспекай людзей, то здзяйсняе грэх. І грэх можа быць яшчэ цяжэйшым, калі ўсе гэтыя парушэнні будуць здзяйсняцца ў асвячоным аўтамабілі.
Дэкалог кіроўцы
Кіроўца, ты знаходзішся на дарозе не адзін. Усюды ёсць Пан Бог твой - заўсёды памятай пра гэта.
1. Не забівай.
2. Няхай дарога будзе для цябе тым, што аб’ядноўвае людзей, а не смяротнаю небяспекаю.
3. Няхай ветлівасць, карэктнасць і асцярожнасць дапамогуць табе выйсці з непрадбачаных сітуацый.
4. Аказвай міласэрнасць і ў выпадку патрэбы дапамагай бліжняму, асабліва калі ён з’яўляецца ахвярай дарожна-транспартнага здарэння.
5. Няхай аўтамабіль не будзе для цябе праяваю ўлады, панавання і нагодай для граху.
6. З любоўю пераконвай маладых і не толькі маладых вадзіцеляў не сядаць за руль, калі яны не ў стане кіраваць аўтамабілем.
7. Аказвай падтрымку сем’ям ахвяраў дарожна-транспартных здарэнняў.
8. Дапамажы ахвяры і вінаватаму ў аварыі сустрэцца ў адпаведны момант, каб яны маглі перажыць вызваленчы досвед прабачэння.
9. На дарозе аберагай слабейшага.
10. Адчувай сваю адказнасць за іншых.
Малітва вадзіцеля
Божа, дай мне ўпэўненую руку і зоркае вока, каб я нікому не прычыніў шкоды ў дарозе. Даўца жыцця, не дазволь, каб я стаў прычынаю смерці альбо прычынаю калецтва тых, каму Ты даў жыццё. Захавай, Пане, ад няшчасных выпадкаў тых, хто падарожнічае са мною. Навучы мяне карыстацца аўтамабілем для дабра маіх бліжніх і стрымай спакусу празмернай хуткасці. Учыні, каб хараство свету, створанага Табою, і радасць Тваёй ласкі заўсёды мне спадарожнічалі. Амэн.