Бласлаўленне на новы навучальны год
- Падрабязнасці
- Апублікавана 31.08.2014 23:18
Сёння, 31 жніўня, у нашым парафіяльным касцёле сабралася шмат вернікаў. На пачатку святой Імшы кс. Вячаслаў Пялінак асабліва прывітаў прысутных у святыні дзяцей і іх бацькоў, настаўнікаў. Менавіта ў гэты дзень яны сабраліся ўсе разам, каб атрымаць бласлаўленне напярэдадні новага навучальнага года.
Падчас казання святар запытаў у дзяцей, што яны больш любяць у школе. Адказы былі розныя, але ў асноўным дзеці называлі прадметы, якія ім больш падабаюцца, перамены паміж урокамі. Такое ж пытанне было адрасавана і настаўнікам. Іх адказ быў адзін – вучняў. Вучняў, у вачах якіх гарыць агеньчык таго, што яны спазналі штосьці новае.
У малітве вернікаў святар таксама ўзгадаў дзяцей і настаўнікаў з суседняй Украіны, маліліся за тых, якія не змогуць пачаць вучобу ў гэтым годзе з-за канфлікту ў сваёй краіне.
Напрыканцы Літургіі адбылося асвячэнне школьных прылад, усе прысутныя атрымалі бласлаўленне. Кс. Вячаслаў Пялінак нагадаў, што галоўнай “прыладай” для навукі з’яўляецца галава.