4 кастрычніка прайшло спатканне “Мы разам”

my razamЯно праводзілася для асоб з псіхічнымі і фізічнымі захворваннямі, іх бацькоў і апекуноў.

Мерапрыемства было арганізавана Глыбоцкай суполкай каталіцкага таварыства “Caritas” пры парафіі Святой Тройцы пры падтрымцы мясцовых уладаў горада Глыбокае.

У мерапрыемстве прыняло ўдзел больш за дзве сотні асоб. Гэта не толькі прадстаўнікі каталіцкага касцёла, але і вернікі іншых хрысціянскіх канфесій. Мэтамі мерапрыемства было паспрыяць інтэграцыі людзей з абмежаванымі магчымасцямі ў грамадства, заахвочванне людзей да хрысціянскіх каштоўнасцей праз учынкі міласэрнасці, зрабіць грамадства больш адкрытым для праблем інвалідаў.

Спачатку ўдзельнікі спаткання сабраліся ў касцёле Святой Тройцы, дзе да іх звярнуўся пробашч гэтага касцёла ксёндз Мечыслаў Янчышын. Ён прывітаў гасцей, якія прыбылі на мерапрыемства не толькі з Глыбокага, але і з Браслава, Верхнядзвінска, Мёраў, Паставаў, Лепеля, Ушачаў, Баранавічаў, іншых гарадоў нашай краіны, і заклікаў прысутных падзяліцца сваім добрым сэрцам.

Удзельнікаў мерапрыемства прывіталі таксама кіраўнік Глыбоцкага раённага Савета дэпутатаў Галіна Унуковіч, дырэктар мясцовага аддзялення “Caritas” Іна Вайцяховіч.

Пасля кароткай малітвы і бласлаўлення ўдзельнікі імпрэзы прайшлі ўрачыстым шэсцем ад касцёла да Гарадскога дома культуры.

У Доме культуры гасцей спачатку пачаставалі з дарогі, а потым распачалася ўласна забаўляльная праграма. Удзельнікаў чакалі разнастайныя гульні, конкурсы, прадстаўленні.

Пакуль госці весела бавілі час, на другім паверсе Дома культуры быў арганізаваны круглы стол, у якім прынялі ўдзел бацькі, апекуны асобаў з абмежаванымі магчымасцямі, святары каталіцкай і праваслаўнай канфесій, прадстаўнікі ўлады, іншыя зацікаўленыя асобы. Удзельнікі круглага стала абмеркавалі пытанні інтэграцыі людзей з абмежаванымі магчымасцямі ў грамадства, эфектыўнай дапамогі ім, а таксама арганізацыі працы з замежнымі партнёрскімі дабрачыннымі арганізацыямі.

Пасля гасцей чакаў абед, які прайшоў у сталовай глыбоцкай сярэдняй школы №2. Дарэчы, будынак другой школы будаваўся ў 60-х гадах мінулага стагоддзя, калі праблемаў людзей з абмежаванымі магчымасцямі ніхто не ўлічваў, таму для інвалідаў-калясачнікаў і некалькі прыступак на ўваходзе ў будынак сталі перашкодай. Але дзякуючы дапамозе валанцёраў “Caritas” гэта перашкода была паспяхова пераадоленая.

Пасля абеду ўдзельнікі мерапрыемства зноў накіраваліся ў Дом культуры, дзе для іх была падрыхтавана адмысловая канцэртная праграма. Напачатку імпрэзы з прывітальнымі словамі да ўдзельнікаў спаткання звярнуліся кіраўнік Глыбоцкага раёна Алег Морхат, біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч, дырэктар “Caritas” гэтай дыяцэзіі ксёндз Андрэй Аніскевіч, прадстаўнік праваслаўнай царквы благачынны Глыбоцкай акругі айцец Міхаіл Ізаітка. Усе яны адзначылі важную ролю хрысціянскіх каштоўнасцей: міласэрнасці, чалавечнасці, спагады, дабрыні, узаемаразумення ў дачыненні паміж асобамі з абмежаванымі магчымасцямі і нашым грамадствам. Далей адбылося ўзнагароджанне тых калектываў і асоб, хто найбольш праявіў сябе ў гэтым накірунку.

Далей распачалася ўласна канцэртная праграма. Варта адзначыць, што сярод артыстаў былі і асобы з абмежаванымі магчымасцямі, выступленні якіх вельмі кранулі гледачоў. Гэта дало магчымасць і гэтым людзям адчуць сябе паўнапраўнымі членамі нашага грамадства, зразумець, што мы патрэбныя адзін аднаму. Сярод канцэртных нумароў выконваліся танцы, сцэнічныя нумары, гучалі песні і вершы.

Завяршылася ж канцэртная праграма шоу з мыльнымі бурбалкамі, якое вельмі спадабалася ўсім гледачам.

Напрыканцы хацелася б падзякаваць арганізатарам гэтага мерапрыемства і выказаць надзею, што яно не будзе апошнім у гэтым родзе. Спадзяёмся на тое, што ў наступным годзе мы зноў сустрэнемся, а ў паўсядзённым жыцці мы будзем памятаць, што сярод нас ёсць асобы з абмежаванымі магчымасцямі. Гэтыя людзі таксама з’яўляюцца часткай нашага грамадства і да іх праблем пасля гэтага спаткання мы будзем ставіцца больш уважліва.

Зміцер Лупач, тэкст
Марына Сінкевіч, фота