Ружанец – малітва, якая яднае

padzeja ruzhanec5 кастрычніка, прыгожы сонечны восеньскі дзень, стаў днём чарговай значнай парафіяльнай падзеі ў касцёле Святой тройцы ў Глыбокім. Падзея, прысвечаная Ружанцовай малітве, праходзіла пад дэвізам “Ружанец – самая евангелічная малітва, якая яднае”. Да гэтай падзеі быў падрыхтаваны чарговы ліст да парафіянаў, у якім усе жыхары парафіі заахвочваліся да малітвы на ружанцы ў касцёле, у сем’ях, у суседскіх групах. “Бо дзе ў імя Маё збяруцца двое або трое, там і Я пасярод іх.” (Мц 18 20) Прадстаўнікі раёнаў прынялі актыўны ўдзел у падрыхтоўцы кожнай святой Імшы.

Ксёндз Славамір Самковіч у разважанні над Божым словам параўнаў чалавечае жыццё з “Тытанікам”, калі яно заснавана на самаўпэўненасці, калі людзі не жадаюць чуць і бачыць Божыя знакі, калі не чытаюць “лісты” Бога, скіраваныя да чалавека. Святар падкрэсліў, што тое зло і выпрабаванні, якія сустракаем на сваім жыццёвым шляху, гэта не Божае пакаранне, а “урок”, які прымушае задумацца над тым, чаму так адбылося. 

З вуснаў кс. Славаміра таксама прагучала шчырае віншаванне для ўсіх настаўнікаў з прафесійным святам.

Падчас святой Імшы адбылася яшчэ адна радасная падзея: сакрамант хросту прынялі дзве маленькія сястрычкі Алёна і Ульяна. Каталіцкі Касцёл і наша парафіяльная супольнасць папоўнілася на дзвюх хрысціянак.

 

Сапраўды ў наш час, час хуткасны і неспакойны, ёсць вострая неабходнасць кожнаму знайсці хвіліны на малітву і роздум над таямніцамі Ружанца, над таямніцамі жыцця Езуса і Марыі. Дзеля чаго? Каб зразумець сябе, каб зразумець сваё жыццё, сваё пакліканне. Каб вучыцца будаваць уласнае жыццё, жыццё сям’і паводле Евангелля.

Алена Пажога, тэкст
Вольга Валынец, фота