Дабрачынная акцыя “Ты – не адзін” адбылася ў Глыбокім
- Падрабязнасці
- Апублікавана 11.12.2014 11:52
“Ты – не адзін” - так называлася раённая дабрачынная акцыя, якая была прымеркавана да Дня інвалідаў. Гэты дзень (3 снежня) – дзень асаблівай увагі да людзей з абмежаванымі магчымасцямі – закліканы нагадаць, што мы разам павінны клапаціцца аб тых, хто мае патрэбу ў дапамозе. Менавіта гэты прынцып быў пакладзены ў аснову мерапрыемстваў, якія ладзіліся ў Глыбокім у рамках акцыі. Дарэчы, правесці акцыю менавіта ў такім фармаце (доўжылася яна 5 дзён) прапанавалі ксёндз парафіі Святой Тройцы Мечыслаў Янчышын і парафіяльны “Карытас”. Ідэя была ўхвалена і падтрымана раённым выканаўчым камітэтам.
Дзень першы: “Шырэй круг!”
Распачалася дабрачынная акцыя “Ты – не адзін” раённым фестывалем творчасці дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі “Шырэй круг!”. Да ўдзелу ў фестывалі (разам з групай падтрымкі) далучыліся 126 дзетак. Юныя артысты чыталі вершы, танцавалі, спявалі.
Усяго было падрыхтавана 20 нумароў мастацкай самадзейнасці, і кожны заслугоўваў авацыі апладысментаў. Гэта было надзвычай цудоўнае свята, напоўненае спевамі, музыкай, сонечнымі ўсмешкамі дзетак, якое, без сумнення, запомніцца ім надоўга.
Дзень другі: сустрэча за “круглым сталом”
На сустрэчу за “круглым сталом”, якая праходзіла ў цэнтры традыцыйнай культуры і народнай творчасці, прыйшлі 15 бацькоў, у сем’ях якіх выхоўваюцца дзеці з абмежаванымі магчымасцямі. Іх праблемы (сацыяльныя і прававыя), просьбы выслухалі і прынялі да ведама (хочацца спадзявацца, па-магчымасці, пастараюцца дапамагчы) спецыялісты упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва, карэкцыйнага цэнтра, аддзела адукацыі, кіраўнікі некаторых арганізацый і прадпрыемстваў горада.
А тым часам (пакуль бацькі гаварылі аб сур’ёзным) у фае цэнтра валанцёры парафіяльнага “Карытаса” забаўлялі іх дзетак: ладзілі гульні, конкурсы, дэманстравалі мультфільмы, частавалі дзетвару кавай і прысмакамі.
Дзень трэці: “Сэрца на далоні”
Да Дня інвалідаў (а такімі яны сябе не лічаць) жыхары псіханеўралічнага дома-інтэрната падрыхтавалі агляд-конкурс мастацкай самадзейнасці “Сэрца на далоні”. Да агляду далучыліся і работнікі інтэрната. Усяго ставала на тым канцэрце: і жартаў, і песень, і гумару, і лірыкі. Удаўся і спектакль, які з поспехам дэбютаваў на сцэне дома-інтэрната.
На заканчэнні кожны атрымаў падарунак і меў магчымасць падсілкавацца за салодкім сталом, які накрылі да іх валанцёры парафіяльнага “Карытаса”.
***
У той жа дзень у рамках раённай дабрачыннай акцыі ў цэнтры традыцыйнай культуры і народнай творчасці адкрылася выстава работ людзей з абмежаванымі магчымасцямі “З верай, надзеяй і любоўю”. Свае работы даслалі на выставу жыхары псіханеўралагічнага дома-інтэрната, наведвальнікі аддзялення дзённага прабывання для інвалідаў ТЦСАН, дзеткі з карэкцыйнага цэнтра.
Тут было ўсё: бісерапляценне і аплікацыя, вышыўка і вязанне, малюнкі, саломапляценне, разьба па дрэве… Перад наведвальнікамі выставы адкрыліся мэтанакіраваныя, таленавітыя і прыгожыя людзі з пачуццём высокага патрабавання да сябе.
Дзень чацвёты: “Сцежка здароўя”
Спаборніцтвы, якія ладзіліся ў той дзень у рамках дабрачыннай раённай акцыі “Ты – не адзін” на базе раённай спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву, сабралі тры каманды: з Глыбоцкага, Пастаўскага і Докшыцкага раёнаў. Маладыя людзі на ўласным прыкладзе дэманстравалі прысутным тую радасць, якую прыносяць ім заняткі спортам, як дапамагаюць адчуць сябе ўпэўненымі, надаюць сілы.
На той “сцежцы здароўя”, якую прайшлі яны, дзякуючы групам падтрымкі, не было пераможцаў. Перамагла дружба.
Дзень пяты: “Мы – разам”
Апагеем раённай дабрачыннай акцыі стаў канцэрт мастацкай самадзейнасці “Мы – разам”, падрыхтаваны, у асноўным, людзьмі з абмежаванымі магчымасцямі. Выступленні самадзейных артыстаў літаральна паланілі ўдзячных гледачоў, якія не скупіліся на апладысменты. Асабліва радавала іх, што выканаўцы атрымлівалі задавальненне ад свайго выступлення, што іх твары свяціліся шчасцем у зорны час на гэтай сцэне.
Свята атрымалася, а сродкі, сабраныя на дабрачынным канцэрце, пералічаны на рахунак раённага карэкцыйнага цэнтра на набыццё трэнажораў для дзетак, якія папраўляюць там сваё здароўе.
P. S.
Так шырока і дастойна, дзякуючы прадстаўнікам многіх службаў і арганізацый раёна: валанцёрам парафіяльнага “Карытас”, святарам, адзначылі сёлета Дзень інвалідаў у нашым раёне. Гэта была не толькі нагода сабраць разам людзей з абмежаванымі магчымасцямі, але і спосаб прыцягнуць увагу да праблем, якія турбуюць даную катэгорыю насельніцтва. А праблем у гэты накірунку шмат.
Як сказаў у размове ксёндз Мечыслаў Янчышын, гэта справа ўсіх нас, усіх людзей добрай волі. А гэты дзень, які пазначаны 3 снежня, -- напамінак усім аб тым, што сярод нас жывуць людзі, які заслугоўваюць не толькі спачування, але, найперш, дапамогі. Галоўнае, каб у нашым сэрцы было месца для гэтых людзей.
Рэгіна Марцынкевіч, тэкст
Валанцёры, фота