Калі збываюцца дзіцячыя сны, або Як Дзед Мароз і Снягурачка гасцілі ў бальніцы

caritas balnicaМаленькая Настачка вельмі чакала навагодняе свята. Усё ўжо было гатова: карнавальны касцюм, падрыхтаваны верш для Дзеда Мароза... Дзіцячыя мары парушыла хвароба, і Настачку паклалі ў бальніцу, літаральна за некалькі дзён да свята. Гэта было вельмі балюча, нават горш за ўколы, якія назначыў доктар.

У пераднавагоднюю ноч дзяўчынцы прысніўся Дзед Мароз. Сапраўдны, не падобны на яе тату. Ён раздаваў дзецям падарункі, а, ўбачыўшы Настачку, падышоў да яе і пагладзіў па галоўцы. Насця прачнулася, расплюшчыла вочкі і ўбачыла медыцынскую сястрычку, якая схілілася над ёй - час прымаць лекі.

Усю раніцу дзяўчынка жыла пад уражаннем сну. Хто з нас не верыў у дзяцінстве ў цуды. Ёй таксама вельмі хацелася, каб стаўся цуд, і Дзед Мароз, той, якога бачыла ў сне, прыйшоў у бальніцу да яе і да ўсіх хворых дзетак.

"Прачытаўшы" патаемнае жаданне маленькай Настачкі, пасля абеду ў дзіцячае аддзяленне раённай бальніцы завітаў... Дзед Мароз. І не адзін, а з прыгажуняй-Снягуркай і маладой усмешлівай дзяўчынай. Ён быў падобны на таго Дзеда Мароза, які прыходзіў да Настачкі ў сне.

Дзеці абступілі Дзядулю, наперабой загаманілі, яшчэ больш ажывіліся, калі незвычайны госць развязаў свой мяшок і пачаў даставаць падарункі. Падаўшы пакунак салодкіх пачастункаў Настачцы, ён пяшчотна паглядзіў яе па галоўцы і дадаў: "Хутчэй папраўляйся!".

Падарункаў хапіла ўсім хворым дзеткам - гэта быў клопат парафіяльнага "Карытас". А ролю Дзеда Мароза і Снягурачкі ўдала сыгралі работнікі гарадскога Дома культуры. Разам з імі з дабрачынным візітам у дзіцячым аддзяленні цэнтральнай раённай бальніцы была дырэктар парафіяльнага "Карытас" Іна Вайцяховіч.

 

Рэгіна Марцынкевіч