Папяльцовая Серада – пачатак Вялікага Посту
- Падрабязнасці
- Апублікавана 18.02.2015 23:46
18 лютага ў Каталіцкім Касцеле распачаўся Вялікі Пост, які трывае 40 дзён. Вялікі Пост з’яўляецца для вернікаў заклікам да абнаўлення жыцця і ўнутранай перамены. З самага пачатку і да Пасхальнай Вігіліі, ў Касцёле не спяваюць "аллелюя". У часе Вялікага Посту, кожную пятніцу, у Касцелах адпраўляецца набажэнства Крыжовага Шляху, а ў нядзелю – набажэнства “Gorzkich Żali”. Падчас Вялікага Посту ўсе веруючыя падрыхтоўваюць свае сэрцы да самай вялікай хрысціянскай урачыстасці – Змертвыхпаўстання Езуса Хрыста.
Пачаткам Вялікага Посту з’яўляецца Папяльцовая Серада. У часе святой Імшы святар пасыпае галовы вернікаў попелам, які атрымліваюць з галін асвечаных у мінулым годзе падчас Вербнай Нядзелі. Гэты акт сімвалізуе тленнасць чалавека і з'яўляецца знакам жалобы і пакаяння. Падчас гэтага абраду святар кажа: «Кайцеся і верце ў Евангелле» альбо «Памятай, што ты — прах, і ў прах вернешся». Гэта азначае нашу гатоўнасць да пакаяння, да перажывання посту ў малітве і адрачэннях, а таксама нагадвае аб тым, што мы часова на гэтай зямлі.
Традыцыя пасыпання галоў попелам на знак пакаяння з'явілася ў восьмым стагоддзі. Попел, так як агонь, з’яўляецца сімвалам ачышчальнай сілы. У той час яго рыхтавалі са старых крыжоў, якія знаходзіліся на могілках. У Вялікую суботу, падчас асвячэння агню, гэтыя крыжы палілі і такім чынам атрымлівалі попел.
У адзінаццатым стагоддзі папа Урбан II зрабіў звычай пасыпання галоў попелам абавязковым для ўсяго Касцела. Тады было вырашана, што попел будзе роблены з галін асвечаных у мінулым годзе падчас Вербнай Нядзелі. Абрад пасыпання галоў попелам адбываецца падчас літургіі слова пасля гаміліі і замяняе акт пакаяння.
У Папяльцовую Сераду ўсіх католікаў абавязвае стрыманасць ад спажывання мяса (ад 14 гадоў) і сціслы пост (паміж 18 і 60 гадоў) не толькі ў якасным, але і ў колькасным дачыненні (дазваляецца толькі адзін прыём ежы дасыта).
У касцеле Святой Тройцы ў Глыбокім усе парафіяне таксама распачалі Вялікі Пост. У Папяльцовую Сераду вернікі пынеслі з сабой ў касцел свае крыжы. Пасля гаміліі было прачытана караценькае разважанне, падчас якога кожны трымаў у руцэ свой крыж, на знак еднасці з церпячым Езусам Хрыстом. Пасля малітвы кожны падыходзіў да святара, каб узяць удзел у абрадзе пасыпання галоў попелам.
Пасля святой Імшы, выходзячы з касцела, парафіяне дакраналіся сваім крыжом да Крыжа Езуса Хрыста. Такім чынам аддавалі Яму пашану праз еднасць у цярпенні, якое спатыкае нас кожны дзень.
с. Людміла Рубніковіч, тэкст
Леанід Юрык, фота