У межах правядзення Фэсту экскурсаводаў для жыхароў Глыбокага зладзілі экскурсію па хрысціянскіх храмах
- Падрабязнасці
- Апублікавана 20.04.2015 11:52
У межах правядзення Фэсту экскурсаводаў у нашай краіне, 18 красавіка ў Глыбокім прайшла экскурсія пад назвай «Хрысціянскія храмы Глыбокага». Ініцыятарамі экскурсіі былі Кастусь Шыталь і Юры Калбасіч. Краязнаўцы прапанавалі экскурсію, таму што большая частка мясцовага насельніцтва мала ведаюць пра свой горад. Юры Калбасіч лічыць, што кожны чалавек павінен ведаць пра месца, дзе нарадзіўся.
Дзень выдаўся халодны, але ўсё ж людзі сабраліся. Экскурсія пачалася каля бюста Язэпа Корсака. На пытанне “Хто ж такі Язэп Корсак?” адказаў спадар Юры. Як высветлілася, Іосіф Корсак фінансаваў будаўніцтва шматлікіх і каталіцкіх храмаў, сярод якіх касцёл Святой Тройцы і кляштар кармелітаў босых, а таксама Базыльянскі кляштар у Беразвеччы.
Экскурсаводы паказвалі старыя здымкі касцёла. Можна было ўбачыць, як выглядаў касцёл некалькі стагоддзяў таму. Касцёл Святой Тройцы быў пабудаваны ў 1628 годзе. Першы храм быў драўляным і быў спалены падчас вайны з Масквой. Далей накіраваліся ў саму святыню.
Кастусь Шыталь распавёў пра многія абразы, якія знаходзяцца ў храме. У касцёле знаходзяцца партрэт Іосіфа Корсака, партрэты благаслаўлёных святароў з Беразвечча, таксама зацікаўленыя змаглі ўбачыць цудадзейны абраз Панны Марыі і скульптуру Езуса Хрыста 18 стагоддзя.
Выйшаўшы з касцёла і прайшоўшы ўсяго некалькі сотняў метраў, прысутныя апынуліся каля Сабора Раства Прасвятой Багародзіцы. Юрый Калбасіч гэтак жа распавёў аб абразах храма. Кожны з удзельнікаў даведаўся для сябе шмат новага.
Самым, напэўна, цікавым момантам экскурсіі быў спуск у падзямелле. Знаходзячыся пад зямлёй, Юры Калбасіч распавёў пра многія факты існаванне дадзенага падзямелля. Лічыцца, што па тунэлі пад зямлёй можна было трапіць у Беразвечча. Экскурсавод паказваў розныя рэчы, знойдзеныя пры раскопках, напрыклад, посуд, патроны, частка рэвальвера.
Пазней усе жадаючыя маглі падняцца на званіцу і ўбачыць Глыбокае з вышыні птушынага палёту. Знаходзячыся на званіцы, кожны змог “пазваніць” у звон. Таксама можна было падняцца яшчэ вышэй, канчатковая вышыня — 40 метраў.
Экскурсія доўжылася каля трох гадзін, экскурсаводы прапанавалі праводзіць часцей падобныя экскурсіі, каб людзі ведалі гісторыю свайго горада. Усе засталіся задаволеныя і не пашкадавалі пра выдаткаваны час.
Маргарыта Юрык, тэкст і фота