«Быць кансэкраваным — значыць згадзіцца на самога сябе»: у Глыбокім адбылася сустэча святароў і законных сясцёр

spatkanne21 верасня, у Глыбокім, у свята святога Апостала Мацвея, адбылося дыяцэзіяльнае спатканне святароў і законных сясцёр з біскупам Віцебскай дыяцэзіі Алегам Буткевічам.

Сустрэча распачалася выстаўленнем Найсвяцейшага Сакраманту і асабістай адарацыяй у цішыні.

Урачыстую св.Імшу цэлебраваў біскуп Алег у інтэнцыі за ўсіх прысутных аб патрэбных ласках і святле Духа Святога ў іх святарскай і манаскай дзейнасці.

З гаміліяй да ўдзельнікаў сустрэчы звярнуўся а. Станіслаў Памыкала SJ, які звярнуў увагу на тэму кансэкраванага жыцця: «Нашае жыццё на зямлі — гэта кансэкраванае жыццё. Мы штодзённа пражываем яго, якое прысвечана Богу. Кансэкрацыя — гэта гісторыя, шлях».

«Кансэкрацыя патрабуе чалавека велікадушнага сэрцам, які не шкадуе сваіх сіл. Мы не можам быць у добрых адносінах з Богам без другога чалавека. Быць кансэкраваным — значыць быць для іншага дарам любові і міласэрнасці», — адзначыў святар.

Айцец Станіслаў, звяртаючыся да прысутных, таксама падкрэсліў галоўнае: «Быць кансэкраваным — гэта не толькі сказаць «так» у пэўнай манаскай супольнасці ці падчас святарскіх пасвячэнняў, але:
1) згадзіцца на паслугу ў парафіі нават у самай маленькай вёсцы;
2) згадзіцца на самога сябе — гэта значыць прыняць свой крыж і ня мець прэтэнзій да Бога, што ты можа не такі, як іншыя;
3) згадзіцца на Бога — так як перажыла Марыя, якая падчас аб’яўлення Анёла Габрыэля прамовіла: «Няхай станецца паводле Твайго слова». Згадзіцца на Бога, бо Ён — Госпад твайго жыцця, а не ты сам».

На заканчэнне сустрэчы адбыліся аб’явы для парафій і асабіста для святароў. Біскуп Алег нагадаў, што распачаўся катэхетычны год і заклікаў усіх святароў, каб ва ўсіх парафіях па магчымасці адбываліся катэхезы не толькі для дзяцей, але і для дарослых.