Пралайф-выстава наведала школы Глыбоччыны

vystava shkolaУ Беларусі дзейнічае перасоўная выстава ў абарону жыцця і сям'і: «Ёсць два шляхі: шлях жыцця і шлях смерці».

Выстава складаецца з 20 рол-стэндаў. Цэнтральны стэнд выставы, як камень на скрыжаванні, заклікае задумацца аб выбары свайго шляху, аб наступствах рашэнняў, што прымаюцца ў самых галоўных пытаннях быцця: жыцця і смерці. На астатніх стэндах прадстаўлены дэмаграфічныя праблемы сучаснага свету, трагедыя адмовы ад нараджэння дзяцей, шкода кантрацэпцыі і абортаў для духоўнага і фізічнага здароўя мужа і жонкі. Стэнды арыентуюць слухачоў на цнатлівасць, натуральнае і гарманічнае сужэнства, заснаванае на любові і ўзаемапавазе.

У нядзелю выстава была прадстаўлена для ўвагі глыбоцкім парафіянам у касцёле Святой Тройцы, а ў панядзелак намеснік дырэктара дабрачыннага фонду "Адкрытыя сэрцы" Іван Пузанаў разам з кс. Мікалаем Ціхановічам, глыбоцкім пробашчам наведалі дзве гарадскія школы, дзе прадставілі выставу і інфармацыю пра яе для вучняў старэйшых класаў.

Кс. Мікалай заклікаў моладзь: "У гэтай выставе сабралі інфармацыю і пазітыўную і негатыўную. У інтэрнэце прадстаўлена шмат матэрыялаў, але там усё перамешана на розныя тэмы. Колькі людзей у свеце - столькі думак. Але як знайсці праўду? На стэндах інфармацыя, каб захаваць вашае жыццё і абараніць ад зла. Зрабіце вывады, пачытайце, запішыце, зрабіце на тэлефон здымак таго стэнда, які вас зацікавіў".


Марына Сінкевіч, тэкст і фота