2 лістапада за ўсіх памерлых вернікаў маліліся ў Харашках
- Падрабязнасці
- Апублікавана 02.11.2015 23:17
2 лістапада, калі Касцёл адзначае ўспамін усіх памерлых, на могілках у Харашках сабраліся вернікі на супольную малітву. Маленькая каплічка нават не здолела змясціць усіх прысутных, якія прыйшлі на св. Імшу.
У гаміліі кс. Мікалай Ціхановіч распавёў пра існаванне чыстца. "Касцёл называе чыстцам стан, у які трапляюць тыя, хто памірае ў сяброўстве з Богам, але мае ўсё ж патрэбу ў ачышчэнні дзеля таго, каб атрымаць святасць, неабходную для ўваходу ў нябеснае шчасце. Гэта не канкрэтнае месца, але менавіта часовы стан, у які душа чалавека, які не меў цяжкіх грахоў, трапляе пасля смерці і праходзіць ачышчэнне, неабходнае, каб атрымаць радасць прабывання побач з Богам. Таксама гэта не праклён і не пакаранне. Чысцец дае душы чалавека магчымасць дасягнуць нябеснага шчасця."
Мы з дзяцінства ведаем, што Бог - Суддзя справядлівы. І калісьці нам прыйдзецца "разлічыцца" за сваё жыццё. Калі падчас зямнога жыцця, ты не паспееш выправіцца, то Бог як міласэрны Айцец дасць табе магчымасць - чысцец.
Пасля Эўхарыстыі вернікі разам са святарамі і сёстрамі законнымі прайшлі працэсіяй з малітвай на ружанцы.