Глыбоцкія вернікі падзякавалі за 2015 год
- Падрабязнасці
- Апублікавана 01.01.2016 15:04
31 снежня 2015 года ў глыбоцкай святыні а 20-й гадзіне сабраліся вернікі, каб разам падзякаваць Богу за перажыты 2015 год і прасіць бласлаўлення на Новы 2016 год.
Святую Імшу падзякі канцэлебравалі пробашч кс. Мікалай Ціхановіч і госць парафіі, вікарый мінскай грэка-каталіцкай парафіі Святога Духа, айцец Аляксей Філіпенка. Кс. Яўген Міхайлаў служыў у сакраманце паяднання і пакуты.
"У гэты вечар мы збіраемся парафіяльнай сям'ёй, пасля вы зберацеся ў вашых сем'ях, у асяроддзі сваіх знаёмых і сяброў, каб разам увайсці ў новы для нас год".
Кс. Мікалай у сваёй прамове падзякаваў усім: вікарыю кс. Яўгену за супрацоўніцтва, сёстрам законным за ахвярную і вельмі патрэбную працу і дапамогу, парафіянам за ўдзел у жыцці парафіі, за актыўную дапамогу ў парафільных мерапрыемствах і патрэбах, валанцёрам Карытаса, членам Легіёну Марыі, парафіяльным хорам, парафіяльнай радзе.
Пробашч парафіі таксама прывёў статыстыку сакрамантальнага жыцця парафіі і матэрыяльных выдаткаў парафіі.
Пасля св. Імшы адбылося выстаўленне Найсвяцейшага Сакраманту і малітвы падзякі, перапрашэння і просьбы.
З Новым 2016 годам, дарагія парафіяне!












