У Глыбокім асвяцілі крыж, які ўсталяваны на востраве

krzyz na vostraveГэты крыж быў усталяваны яшчэ ў 2014 годзе, перад святам 600-годдзя горада.

Але мінулай зімой на возеры быў тонкі лёд, таму бяспечна патрапіць на востраў стала магчымым толькі сёлета.

На мерапрыемства, нягледзячы на неспрыяльнае надвор'е, 21 студзеня 2016 года сабралася каля паўсотні чалавек. Сярод іх былі прадстаўнікі кіраўніцтва раёна і прадпрыемстваў горада, а таксама духавенства.

Асвячэнне крыжа правёў глыбоцкі благачынны айцец Міхаіл Ізаітка. У мерапрыемстве прымаў удзел таксама ксёндз Віталь Галец, які звярнуўся да прысутных з прамовай: "Крыж бласлаўляе кожнага з нас. Няхай гэты востраў стане знакам і месцам малітвы, калі праязджаючы, праходзячы ці праплываючы, падумаем аб сабе, сваім жыцці, кім мы з'яўляемся для Бога. Бог любіць кожнага з нас і мы пвінны памятаць простую ісціну, як казаў св. Ян Хрызастом: "Да раю даходзіць той, хто падае, але пастаянна падымаецца". І ў гэтым мы не павінны баяцца сваіх упадкаў, сваёй грэшнасці, але памятаць, што Бог у любові зрабіў гэты крыж знакам збаўлення для кожнага з нас. Няхай вас Бог благаславіць і хай напаўняе радасцю на кожны дзень жыцця."

krzyz na vostrave07

Навуковы супрацоўнік Глыбоцкага гісторыка-этнаграфічнага музея Аляксандр Хайноўскі нагадаў прысутным пра гісторыю Глыбокага, а таксама распавёў цікавую легенду аб узнікненні гэтага вострава.

Да прысутных звярнуўся таксама кіраўнік раёна Алег Морхат. Ён звярнуў увагу прысутных на важнасць захавання веры нашых продкаў, якая служыла падмуркам духоўнасці нашага народа. На глыбоцкай зямлі пахавана больш за 20 тысяч ахвяр мінулай вайны, таму нам вельмі важна, каб захоўваўся мір як на нашай зямлі, так і ва ўсім свеце.

Зміцер Лупач, тэкст і фота