Агульная статыстыка Глыбоцкай парафіі

statistika1Парафія Святой Тройцы ў Глыбокім па дадзеным картатэкі па стану на люты 2016 года, пасля калядных душпастырскіх адведзінаў святарамі ў гэтым годзе, налічвае 4140 каталіцкіх вернікаў.

Сям'я

Агульная колькасць сем'яў у Глыбоцкай парафіі – 1885, з іх 1161 сям'я (а гэта 62,69%) – поўная, што значыць наяўнасць абодвух сужонкаў у сям'і. Наконт заключэння сакраманту сужэнства, сітуацыя ў парафіі наступная:

diagramma1

Больш паловы сем'яў, які налічваюцца ў парафіі - гэта тыя, якія выхоўваюць аднаго і двух дзяцей. Шматдзетных (3 і больш дзіцяці) налічваецца толькі 5% ад агульнай колькасці.

Дзяцей ва ўзросце да 14 год належыць да парафіі – 760 (13,83%). Большая колькасць парафіянаў – гэта вернікі ва ўзросце 30-50 гадоў (28%) і 50-70 гадоў (27%).

У 2016 годзе падчас душпастырскага наведвання 1643 (87,16%) сям’і адчынілі дзверы сваіх кватэр і дамоў для святара, 242 ж дамы былі зачынены альбо гаспадары не захацелі ў гэтым годзе прыняць ксяндза.

Вялікая колькасць сем’яў у глыбоцкай парафіі – змешаныя. У картатэку святар заносіць дадзеныя ўсіх членаў сям’і (агульная колькасць якіх 5495 чалавек), якая яго прымае па калядзе. Атрымліваецца, што ў гэтых сем’ях, жывуць не толькі католікі, якіх большасць (амаль ~ 76%), а таксама 25% праваслаўных, астатнія % падзялілі грэка-католікі, баптысты, стараверы. На жаль знайшоўся адзін чалавек, які лічыць сябе атэістам, і адна асоба, якая належыць да секты.

 

Практыка ўдзелу ў сакрамантальным жыцці

Калі паглядзець на практыку ўдзелу ў нядзельнай св. Імшы (тут адзначалася і практыкаванне праваслаўных членаў сям’і ў царкве) сярод дарослых вернікаў (тыя, хто ў картатэцы пазначаецца “галавой” сям’і ці бацькамі), то вынік атрымліваецца такі:

Практыкаванне Колькасць асоб
практыкуе рэгулярна (кожную нядзелю)  950
практыкуе нерэгулярна 728
практыкуе толькі па святах 813
толькі сакрамант паяднання 178
не практыкуе 96

Параўнальная табліца за апошнія 4 гады ўдзелу глыбоцкіх вернікаў у Святых Сакрамантах.

  2012 2013    2014    2015
Хрост 55 75 97 55
І Камунія 52 49 43 40
Бежмаванне не было не было 122 не было
Сужэнства 26 23 32 29
Наведванне хворых кожную І пятніцу месяца 55 63 44 49
Сярэдняя колькасць прымаючых Камунію ў нядзелю 600 650 620 670
Пахаванне 54 76 82 67

Пракаментаваць сітуацыю адносна вышэй пададзенай статыстыкі і распавесці пра запаўненне і выкарыстанне дадзеных з картатэкі мы папрасілі пробашча парафіі Святой Тройцы ў Глыбокім кс. Мікалая Ціхановіча:

– Праз сакрамант хросту веруючы чалавек становіцца не толькі дзіцём Божым і прымае ўдзел у трынітарным боскім жыцці, але ён з’яўляецца членам вялікай сям’і Касцёла – Містычнага Цела Хрыста (пар. Кампендый ККК, 263) і прымае на сябе пэўныя правы і абавязкі. Каталіцкі Касцёл мае сваё Кананічнае Права і таму можа існаваць і развівацца як сапраўдная чалавечая супольнасць. Каноны (208-223) нагадваюць пра асноўныя правы і абавязкі, якія датычаць усіх членаў Касцёла. Касцёл – гэта наша Маці, а мы – дзеці Касцёла. Калі Настаўніцкі Інстытут Касцёла, прапаведваючы веру Народу Божаму, заахвочвае да яе практыкавання ў жыцці, то павінен ведаць чым і як жывуць дзеці Касцёла. Таму і вядзецца ў парафіі картатэка, каб ведаць, наколькі члены канкрэтнай парафіяльнай супольнасці выконваюць наказы Касцёла:

  • удзельнічаюць у св. Імшы і сакрамантальным жыцці (прыступаюць да споведзі і прымаюць Св. Камунію);
  • захоўваюць пасты;
  • дапамагаюць у матэрыяльных патрэбах Касцёла і г.д.

Такім чынам спраўджваецца, наколькі парафія з’яўляецца пабожнай, жывой ці можа нават дэградуючай.

Дадзеныя картатэкі захоўваюцца ў парафіяльнай канцылярыі ў пісьмовай версіі, а таксама ў электроннай на камп’ютары. Дзякуючы гэтаму, не толькі святары, якія на дадзены момант працуюць у парафіі маюць магчымасць сачыць за яе развіццём, але і тыя, хто прыйдзе на змену сваім папярэднікам, будуць мець магчымасць лепш і хутчэй увайсці ў свае пастырскія абавязкі.

На больш шырокім узроўні дадзеныя з картатэкі выкарыстоўваюцца дыяцэзіяльнай Курыяй і высылаюцца ў Рым для статыстыкі Паўсюднага Касцёла.

Падрыхтавала Марына Сінкевіч