Пальмовая нядзеля і апошні дзень рэкалекцый

palmovaja20 сакавіка Каталіцкі Касцёл адзначае Пальмовую нядзелю – урачысты ўваход Езуса ў Іерусалім. Яна распачынае Вялікі Тыдзень. У нашай парафіі гэты дзень стаў трэцім і апошнім днём велікапосных рэкалекцый.

На пачатку св. Імшы пробашч парафіі кс. Мікалай зачытаў Дэкрэт біскупа Алега Буткевіча аб прызначэнні кс. Івана Кароткіна дапаможным вікарыем у парафію Святой Тройцы ў Глыбокім. Новага святара, але даўно вядомага вернікам нашай парафіі, прывіталі прадстаўнікі парафіі.

Пасля адбылося асвячэнне ўпрыгожаных галінак вярбы, якія трымалі ў руках маленькія дзеткі і старэйшыя вернікі.

Айцец-рэкалекцыяніст Аляксандр у трэці дзень прадставіў парафіянам разважанне на тэму граху: «Што такое грэх? За любым грахом прысутны сатана ў большай ці меншай ступені. Гэта не проста парушанае правіла, гэта істотная прырода. Грэх увайшоў у гэты свет праз зайздрасць дʼябла. Сатана пазайздросціў, што Бог так палюбіў свет і чалавека». Таксама святар нагадаў некаторыя крытэрыі грахоў: грэх нелюбові (непрабачэння), грэх абыякавасці, грэх магіі, грэх у сферы сексуальнасці. На прыкладзе ўласнага досведу, а. Аляксандр запэўніў прысутных, што Бог за грахі не карае і падкрэсліў: «Грэх – гэта пракляцце і вызваліцца з яго можна праз пакаянне, давер, любоў і шчырыя адносіны з Богам. Калі мы грашым, то мы самі сябе праклінаем».

Скіраваўшы словы падзякі а. Аляксандру за прамоўленыя навукі, адкрытае сэрца і шчырасць, кс. Мікалай папрасіў рэкалекцыяніста ўдзяліць спецыяльнае блаславенне не толькі нашым святарам, сёстрам законным і вернікам парафіі, але і ўсім жыхарам Глыбоччыны.