У Вялікі Чацвер кс. Мікалай абмыў ногі дванаццаці мужчынам
- Падрабязнасці
- Апублікавана 24.03.2016 23:09
Вялікі Чацвер – гэта дзень, калі Пан Езус падчас Апошняй Вячэры ўстанавіў сакраманты святарства і Эўхарыстыі.
У гэты дзень у кожным касцёле адбываецца ўрачыстая святая Імша Вячэры Панскай. Літургія распачалася ўрачыстай працэсіяй, пасля словы віншавання і падзякі былі скіраванымі да святароў.
Падчас гаміліі кс. Мікалай асабліва акцэнтаваў на тры важныя моманты гэтага дня:
"1. Любоў. Апостал Ян вельмі добра зразумеў абрад абмыцця ног, таму ён адзіны з евангелістаў напісаў пра яго ў Евангеллі. Езус гэтым жэстам любові нам паказвае, як трэба любіць іншага чалавека.
2. Святарства. Кожны святар - гэта пасланне любові ад Бога. Маліцеся за сваіх святароў, каб змаглі ўбачыць і пазнаць Хрыста ў кожным святары.
3. Эўхарыстыя. Калі будзеце прыходзіць да Святой Камуніі з адкрытым сэрцам - дасведчыце сапраўднага Езуса", - падкрэсліў святар.
Пасля казання, адбыўся сам абрад абмыцця ног дванаццаці мужчынам.
У гэты дзень двое хлопцаў упершыню прынялі ў сваё сэрца Цела Езуса ў Святой Камуніі.
На заканчэнне св. Імшы па традыцыі, Цела Езуса ў Найсвяцейшым Сакраманце было перанесена з галоўнага алтара ў Цямніцу, дзе будзе знаходзіцца аж да Вялікай Пятніцы, каб кожны парафіянін меў магчымасць адараваць Езуса хоць некаторы час.