"Абмывайце Крывёю Езуса ўсё": Вялікая Пятніца ў Глыбокім

vial piatnicaУсе хрысціяне ўспамінаюць Вялікую Пятніцу, калі памёр на крыжы Езус. Гэта дзень духоўнага ачышчэння напярэдадні самага светлага хрысціянскага свята Вялікадня.

У гэтым годзе Крыжовы шлях у Вялікую Пятніцу адбыўся не па вуліцах горада Глыбокае, а ў касцёле. Разважаннямі да стацый былі відэасцэны з фільма Мэла Гібсана “Пакуты Хрыстовы”. Крыкі, моцныя ўдары, шакуючыя моманты, любячы позірк Маці на Сына і Сына на Маці, дзіцячыя ўспаміны – найбольш кранальныя моманты, якія пакідалі на тварах глыбоцкіх вернікаў роспач, страх, перажыванне і слёзы, якія былі нават у дзяцей.

Пасля Крыжовага шляху распачалася Літургія Вялікай Пятніцы, калі ўсе святары ляглі крыжам перад алтаром.

Падчас гаміліі пробашч парафіі кс. Мікалай Ціхановіч разважаў пра Кроў Езуса Хрыста. Мы жывем у той гісторыі, якая адкуплена Крывёю Збаўцы. Святар падкрэсліў, што “нам неабходна ўсвядоміць навошта нам патрэбна Кроў Хрыста, а таксама навучыцца цаніць яе, выкарыстоўваць і насычацца моцай і бласлаўленнем, якія выяўляюцца праз Кроў Хрыста”.

“Праз грэх мы пазбавіліся магчымасці быць у Доме Айца. Зноў вярнуцца туды можна толькі праз Кроў Хрыста. Абмывайце Крывёю Езуса ўсё: дамы, сем’і, дзяцей, машыны, працу. Маліцеся да Крыві Хрыста! – заклікаў кс. Мікалай. – Сатана не мае вечнай улады над тымі, хто абмывае сябе Крывёю Збаўцы”.

Працягам Літургіі стала адарацыя Крыжа, Святая Камунія і перанясенне Найсвяцейшага Сакраманту ў грабніцу.


Марына Сінкевіч, тэкст
Леанід Юрык, фота