"Будзьце паслухмянымі Богу!": Пасхальная Вігілія ў Глыбокім
- Падрабязнасці
- Апублікавана 27.03.2016 17:24
Святая Імша Вігіліі Пасхальнай распачалася на вуліцы абрадам святла, дзе быў асвечаны агонь і ад яго быў запалены пасхал.
Літургія гэтага вечара, якая вельмі багатая і прыгожая, працягнулася літургіяй Божага слова аб таямніцы ўваскрасення Пана і вялікіх падзеях гісторыі чалавецтва.
Падчас гаміліі кс. Мікалай заахвоціў паразважаць пра таямніцу чалавечага шчасця і дзе яна схаваная. Адказ на гэтае пытанне аказаўся вельмі простым - у паслухмянасці Богу. Веліч Госпада заключаецца менавіта ў Яго паслухмянасці.
"Калі хочаце, каб Бог зрабіў вас шчаслівымі, будзьце паслухмянымі Госпаду, дазвольце Яму ўвайсці ў вашае сэрца!" - пажадаў святар прысутным вернікам на заканчэнне прамовы.
Пасля гаміліі, адбыўся сакрамант Хросту, падчас якога 12-гадовы юнак Ян, які захацеў належыць да Каталіцкага Касцёла, запрасіў Хрыста ў сваё жыццё.
Працягам стала Эўхарыстычная Літургія — найважнейшая частка святой Імшы, калі Езус становіцца прысутным на алтары ў постацях хлеба і віна. Ужо апоўначы ўсе вернікі з радасным спевам "Вясёлы дзень" крочылі ў рэзурэкцыйнай працэсіі, на заканчэнне якой заспяваны быў гімн "Te Deum".
Марына Сінкевіч, тэкст
Леанід Юрык, фота