Таленавітыя ўдзельнікі конкурсу “Пан уваскрос, сёння жыве!” заахвоцілі дзяліцца сваімі талентамі

IMG 0036 1Дух Святы, нагадвае кожнаму з нас, што аб веры трэба казаць. Нам, хрысціянам, здаецца, што мы маем веру, але мець веру і мець глыбіню веры – розныя рэчы. «Вера без учынкаў мёртвая» - казаў апостал Павел. Дзякуючы ёй мы адчыняем Пану Богу дзверы, прагнем дзяліцца сваёй радасцю, дарамі і талентамі. Як мы ўсе памятаем з прыпавесці, як чалавек закапаў талент у зямлю замест таго, каб памнажаць і Пан Бог яго прагнаў ад сябе. Вера дае памкненне да добрых спраў, напаўняе любоўю адзін да аднаго і заахвочвае чалавека расці духоўна.

За месяц да свята Хрыстовага Уваскрасення парафіяльны “Caritas” арганізаваў конкурс “Пан уваскрос, сёння жыве!” У ім прынялі ўдзел больш за пяцьдзесят чалавек нашай Глыбоччыны. І што больш за ўсё прыемна ўразіла, што ўдзел прынялі не толькі дзеткі, але і іх бацькі. А таксама свае працы прадставілі калектывы: група дзіцячага садка № 4, сацыяльны прытулак, група людзей з абмежаванымі магчымасцямі “Betel-Caritas” і з дзіцячага дому сямейнага тыпу. Хочацца адзначыць прыемную акалічнасць, што прымалі ўдзел не толькі католікі, але і падзяліліся сваімі талентамі ўдзельнікі з праваслаўнай царквы.

Было прадстаўлена больш за восемдзесят прац рознай тэхнікі выканання. Трэба сказаць, што журы ў складзе кс. пробашча Мечыслава Янчышына, дырэктара дзіцячай мастацкай школы імя Я.Драздовіча Жаны Балабуевай і майстра Дома рамёстваў Віктара Дудкевіча прыйшлося вельмі цяжка, каб вызначыць лепшых. Усе прадстаўленыя працы былі запамінальнымі і цудоўнымі, але конкурс ёсць конкурс, таму самыя лепшыя былі ўзнагароджаны дыпломамі і падарункамі. Было дзве намінацыі: лепшы аўтарскі малюнак і лепшая праца. Прызёры атрымалі ў падарунак заплечнікі, цацкі, наборы для малявання, флэшкі. І яшчэ адну з прац, за ідэю малюнка, адзначыў кс. пробашч Мечыслаў. Аўтар Станіслаў Пажога таксама атрымаў каштоўны падарунак. Спецыяльным прызам парафіяльны Карытас адзначыў працу “Пасхальная вышыўка” Наталлі Губскай. Былі ўзнагароджаны калектыктыўныя працы з дзіцячага дому сямейнага тыпу і сацыяльнага прытулку. Яны былі адзначаны каштоўнымі падарункамі: прасы, развіваючыя гульні. Усе астатнія ўдзельнікі атрымалі салодкія падарункі.

Вось такім чынам таленавітыя ўдзельнікі конкурсу парадавалі сваімі працамі іншых, заахвочваючы нас дзяліцца сваімі талентамі. І сапраўды, што “Хрыстос Уваскрос і сёння жыве!” сёння сведчаць усе працы, якія прадстаўлены на конкурснай выставе.


Эліна Калугіна

фота Івана Касевіча