47 дзяцей прыступілі да І Святой Камуніі

1 kamunia29 мая ў нашай парафіяльнай супольнасці адбылася вельмі значная ўрачыстасць. Упершыню ў сваім жыцці 47 дзяцей прынялі Цела і Кроў Езуса Хрыста ў Святой Камуніі. Да гэтага дня яны вельмі адказна рыхтаваліся праз заняткі катэхезы.

Святочную Эўхарыстыю ўзначаліў кс. Мікалай, які падчас гаміліі звярнуўся асаблівым чынам да бацькоў з наказам, каб таты і маці не баяліся давяраць жыццё сваіх дзяцей Богу. Святар нагадаў гісторыю пра Аўраама, які хацеў прынесці ў ахвяру Богу свайго сына праз усеспаленне. Вельмі сумна, што многія бацькі не ўсведамляюць адказнасці ў выхаванні сваіх дзяцей у хрысціянскай веры. "Бацькі, вы павінны прыносіць ахвяру, каб вашы дзеці належылі Богу, а не д'яблу. Не забывайце гэты дзень і гэта месца - дом Айца!", - заклікаў пробашч парафіі на заканчэнне прамовы.

Напрыканцы Імшы з вуснаў дзяцей і бацькоў прагучалі словы падзякі ў кірунку святароў і сясцёр законных, якія працуюць у парафіі.

Гэта была вельмі значная падзея не толькі для сем’яў, з якіх паходзілі дзеці, не толькі для с. Ганны, якая іх рыхтавала, не толькі для нашых святароў, але і для ўсёй парафіі. Кожны ў сваім сэрцы перажываў за гэтых прыгожа апранутых у белае адзенне хлопцаў і дзяўчат і шчырым сэрцам ахіналі сваёй малітвай.

Зміцер Лупач, фота