Адпустовая ўрачыстасць Маці Божай Падхорнай
- Падрабязнасці
- Апублікавана 16.07.2016 16:03
З дазволу біскупа Алега Буткевіча ў 2014 годзе, 16 ліпеня, свята Найсвяцейшай Панны Марыі з гары Кармэль, залічана як адпустовая ўрачыстасць у Глыбоцкай парафіі.
Урачыстасць Маці Божай Шкаплернай Падхорнай Глыбоцкай адзначылі 16 ліпеня ў Глыбокім. Святочную Імшу ўзначаліў віцэ-дэкан Глыбоцкага дэканату і адначасова пробашч парафіі Унебаўшэсця Пана Езуса ў Дзеркаўшчыне кс. Андрэй Кулік. Падчас гаміліі кс. Андрэй нагадаў пра карані гэтага свята і пра гісторыю Глыбоцкага абраза, а таксама заклікаў прысутных цікавіцца гісторыяй сваёй святыні і спадчыны. "Кожнае пакаленне схіляла і схіляе калены перад абразом Маці Божай Падхорнай з малітвамі на вуснах. Мы, жыхары Глыбоччыны, удзячныя старэйшаму пакаленню за дар веры і дар Марыйнай пабожнасці", - адзначыў святар.
Старэйшыя людзі яшчэ памятаюць як раней адзначалася гэтае свята ў нашай святыні. Таму на св. Імшы вернікаў было шмат, асабліа можна было заўважыць людзей сталага ўзросту.
На заканчэнне св. Імшы адбылося выстаўленне Найсвяцейшага Сакраманта, падчас якога была прачытана Літанія да Найсвяцейшай Панны Марыі і ўрачыста заспяваны гімн "Цябе, Бога, праслаўляем".