Глыбоцкія валанцёры наведалі Лепельскі цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі

IMG 7297

 

17 красавіка 2013 года прадстаўнікі парафіяльнага Карытас г. Глыбокае на чале з пробашчам кс. Мечыславам Янчышынам наведалі Цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі ў г. Лепель (Віцебская дыяцэзія).

Разам з валанцёрамі цэнтр наведала Стралкоўская Настасся, настаўнік дэфектолаг ранняй комплекснай дапамогі Цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі ў Глыбоцкім раёне. Сама Настасся – інвалід па зроку. І калі даведалася, што валанцёры збіраюцца ў Лепель каб адведаць там маленькую дзяўчынку, якая таксама жыве ў свеце цемры, то адразу згадзілася ехаць. Узяла з сабой паказаць і штосьці падараваць, чым карыстаюцца людзі з такім фізічным абмежаваннем: пішучая машынка па сістэме Брайля, павелічальнае шкло, белы кій і іншыя неабходныя рэчы.

Парафіяльны Карытас, у сваю чаргу, падараваў Азбуку ў малюнках для дзяцей са слабым зрокам, тактыльную кнігу, зробленую сваімі рукамі і 52 фігуркі, выразаныя з паперы і размаляваныя супрацоўнікамі Глыбоцкай мастацкай школы імя Я.Драздовіча. Ну і, канешне, кожнае дзіця атрымала салодкі падарунак і мяккую цацку.

У знак удзячнасці дзеткі падрыхтавалі падарунак – заспявалі разам песню “Сонечнае кола, неба наўкола”, а таксама запрасілі нас на конкурсы і танцы.

Напрыканцы сустрэчы, дырэктар цэнтра Валянціна Шкунціна падаравала працу, зробленую рукамі выхаванкі Настассі Гатоўка.


 

Дзяржаўная ўстанова спецыяльнай адукацыі "Цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі г. Лепель" функцыянуе з 1999 г.

На пачатку дзейнасці быў адзін спецыяльны клас, з 2005 г. сфармавалі дашкольную спецгрупу. З верасня 2012 года ўжо працуюць 2 класы: спецклас №1 (малодшыя школьнікі) і спецласс №2 (старэйшыя школьнікі).У гэтым годзе ёсць 2 выпускнікі цэнтра. Скончыўшы сваё навучанне тут, яны пераходзяць у ТЦСАН.

Усяго ў Лепельскім раёне гэты цэнтр наведваюць 18 дзяцей: 4 дашкольнікі (1 на дому, 3 у групе), 11 школьнікаў, 2 - на ранняй комплекснай дапамозе, 1 - на карэкцыйна-педагагічнай дапамозе. Кіраўніцтва цэнтра цесна супрацоўнічае з гарадской бальніцай.