19 мая адбылася І Святая Камунія

      У нядзелю, ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога, у нашай парафіі адбылася першая Святая Камунія. 49 дзяцей упершыню прынялі Езуса ў свае сэрцы. Праз два гады падрыхтоўкі настаў гэты доўгачаканы момант не толькі для дзяцей, але і для бацькоў, і хросных.

   Дзяцей з Глыбокага рыхтавала сястра Анна Блышко, а 8 дзяцей з Мярэцкіх падрыхтавала катэхетка Ірына Снорык.  

 

Пасля бацькоўскага благаслаўлення дзеці ўвайшлі ў касцёл, дзе а 12 гадзіне распачалася святая Імша, якую праводзіў ксёндз пробашч Мечыслаў Янчышын.  У гаміліі ён звярнуў увагу і заахвоціў дзяцей да таго, каб яны праз усё жыццё пастараліся захаваць чыстымі свае сэрцы, як гэтыя белыя альбы, у якія яны былі апранутыя, каб як найчасцей сустракаліся з Езусам Эўхарыстычным і былі яго сябрамі, так як напісана было на стэньдзе з дэкарацыяй, якую зрабілі самі дзеці з с. Аннай.


Літургію ўпрыгожыў спеў хору дзяцей і моладзі пад кіраўніцтвам сястры Таццяны.


Самы хвалюючым быў момант прыняцця Святой Камуніі, падчас якога ўсе вернікі сапраўды сталі адной  Божай сям’ёй, якая павялічылася праз поўны ўдзел у святой Імшы на 49 дзяцей.


Пасля святой Імшы некалькі дзяцей вершамі падзякавалі перш за ўсё Езусу, за тое, што прынялі Яго ў свае сэрцы, бацькам, за першае вучэнне малітвам, і тым, хто іх вучыў катэхезе. Таксама павіншавалі ксяндза пробашча з 25-годдзем Святарскіх пасвячэнняў. Пасля таксама словы падзякі выказалі бацькі.


…Давайце агорнем малітвай усіх дзяцей, якія першы раз прынялі Езуса, каб яны былі верныя Яму праз усё жыццё і ніколі не адышлі ад Бога і касцёла. І каб гэтая ўрачыстасць была прычынай паглыблення веры, надзей і любові іхніх сем’яў.

 


c. Лена СУРВІЛА

Карына КАНАПЕЛЬКА, фота