Парафіяльны адпуст
- Падрабязнасці
- Апублікавана 27.05.2013 15:27
26 мая ва ўрачыстасць Святой Тройцы ў глыбоцкай парафіі адбылася чарговая падзея – парафіяльны адпуст. Да гэтага дня рыхтаваліся загадзя: былі надрукаваныя і разнесеныя па дамах лісты да парафіянаў, гаспадыні пяклі “пірог Святой Тройцы”.
У нядзелю ў касцёле сабралася шмат парафіянаў і гасцей. На ўрачыстасці прысутнічалі святары з суседніх парафій і дэканатаў, а таксама прадстаўнікі раённай улады. Святую Імшу ўзначаліў Апостальскі адміністратар Віцебскай дыяцэзіі ксёндз прэлат Францішак Кісель. На пачатку набажэнства пробашч парафіі кс. Мечыслаў Янчышын падкрэсліў значнасць урачыстасці Святой Тройцы для парафіі.
У гаміліі, якую прамовіў кс. Антоній Земба з Браслава, звярталася ўвага на адзінства Святой Тройцы. Святар параўнаў Святую Тройцу з сям’ёй, у якой ёсць некалькі асоб, раўназначных між сабою, але якія разам ствараюць адзіную сям’ю.
У працэсіі дароў да алтара былі прынесены абраз Святой Тройцы, кветкі, пірог, віно і вада , гостыя, як сімвалы Божай прысутнасці ў чалавечым жыцці. На заканчэнне св. Імшы ксёндз Францішак Кісель пасвянціў прынесеныя парафіянамі “пірагі Святой Тройцы”, каб потым прысутныя ў касцёле маглі падзяліцца ім у сям’і і з блізкімі. Старшыня райвыканкама Алег Віктаравіч Морхат павіншаваў кс. Мечыслава Янчышына з 25-годдзем Святарства, пажадаў святару далейшага плённага служэння для людзей і грамадства і запэўніў у заўсёднай дапамозе мясцовай улады ў здзяйсненні высакародных спраў.
Урачыстасць аздабляў прыгожымі спевамі парафіяльны хор “Ave Maria”.
Пасля святой Імшы адбылася працэсія на плошчы ля касцёла. Працягам святкавання стаў канцэрт музычнага ансамбля “Паазер’е” з Пастаў.
Гэта падзея стала чарговым крокам на шляху адновы і ўзмацнення парафіі.
Алена ПАЖОГА
Марына СІНКЕВІЧ, Леанід ЮРЫК, фота