"Песняй славім Цябе, Божа": прэзентацыя зборніка Ганны Шакола і канцэрт парафіяльнага хору ва ўспамін св. Цэцыліі
- Падрабязнасці
- Апублікавана 23.11.2018 11:28
Прэзентацыя зборніка песень “Песняй славім Цябе, Божа” нашай парафіянкі Ганны Шакола прайшла ў касцёле Святой Тройцы ў Глыбокім 22 лістапада ва ўспамін св. Цэцыліі, апякункі касцёльнай музыкі.
З гэтай нагоды падчас канцэрту Ганна Шакола разам з парафіяльным хорам “Ave Maria” выканалі песні, якія ўвайшлі ў зборнік: "Букет для Нябеснай Маці", "Бежмаванне", "Вялікдзень", "Музыка ў храме арганная", "Марыя - Панна з Галілея", "Малітва да Святога Антонія", "Святая Ганна", "Будслаўская пілігрымка" і шмат іншых.
"Падчас сакраманта бежмавання я выбрала сабе імя Цэцылія, і пасля гэтага ўсё пачалося. Святая Цэцылія – апякунка духоўнай музыкі і хароў, таму я лічу, што яна мяне натхніла, дапамагла ў напісанні песень", - кажа Ганна пра пачатак свайго творчага шляху.
У зборнік “Песняй славім Цябе, Божа” ўвайшлі трыццаць дзве песні на словы паэтаў – глыбачан Віталя Гарановіча і Алены Пажогі, Марыі Ючкавіч з Сітцаў і Марыі Гербедзь з Гродзеншчыны.
Пасля канцэрту ўдзельнікі хора атрымалі невялічкія падарункі з нагоды свята св. Цэцыліі, а кожны жадаючы парафіянін мог набыць сабе зборнік песень Ганны Шакола.