Свой першы дзень нараджэння адзначыў рух "Маці ў малітве"
- Падрабязнасці
- Апублікавана 10.12.2018 23:35
10 снежня 2018 года апостальскі рух “Маці ў малітве”, які існуе ў нашай парафіі, адзначыў свой першы дзень нараджэння. З гэтай нагоды ў касцёле адбылася паўгадзінная адарацыя Найсвяцейшага Сакраманта і св. Імша.
На пачатку Эўхарыстыі, пробашч парафіі кс. Мікалай павіншаваў жанчын-удзельніц і маліўся ў інтэнцыі маці і іх дзяцей, а таксама дзякаваў Богу за гэту прыгожую і вельмі патрэбную супольнасць.
Падчас гаміліі святар падзяліўся думкамі, якія вельмі жадаў сказаць:
1. Калі паўстае супольнасць у Касцёле, то паўстае з натхнення Духа Святога. Што вы сабраліся - гэта не толькі справа чалавечая, але Дух Святы згуртаваў жадаючыя сэрцы маці, каб трываць супольна на малітве. Сумейце разам перажываць у сэрцы сваім праблемы з дзецьмі. Супольнасць маці – гэта ўзаемападтрымка і ў будучыні ўзаемасведчанне сэрцаў. Вы павінны развівацца!
2. Хай вас не здзіўляе, што сатана пачынае перашкаджаць. Бо вы робіце добрую справу, і злы дух не спіць. Страх паралізуе нас і палохае. Трывайце на супольнай малітве і не апускайце рукі. У малітве заўседы дадавайце “Не мая воля, Ойча, але Твая воля няхай будзе”. Прасіце, каб дзеці палюбілі Бога, былі хрысціянінамі і збавілі свае душы, а не кар’еры ці перспектывы працы. Навучыцеся давяраць Богу на малітве. Рыхтуйцеся на цяжкасці, выпрабаванні, на тое, што адразу не ўбачыце плёнаў сваёй малітвы. Дзейнасць Бога на вашу малітву вы ўбачыце толькі з перспектывы часу.
3. Запрашайце Найсвяцейшую Панну Марыю на сваю малітву. Яна адзіная Маці, якая поўнасцю рэалізавала сваё мацярынства, давяраючы Богу Сваё дзіця.
На заканчэнне кс. Мікалай пажадаў, каб на святкаванні 5-й гадавіны прысутнічалі ўжо не толькі маці, але і іх дзеці, за якіх жанчыны так шчыра моляцца.