Аблучыны міністрантаў і лектараў
- Падрабязнасці
- Апублікавана 29.09.2019 22:29
29 верасня ў нашай парафіі тры кандыдаты ўрачыста былі прыняты ў шэрагі міністрантаў і яшчэ тры – сталі лектарамі. Віталь Радзішэўскі, Эміль Канчэўскі, Мікіта Сайкоўскі, Яўген Далгалёў, Мікіта Грыцкевіч, і Максім Внучкін рознымі спосабамі рыхтаваліся да гэтага дня, а таксама здавалі экзамен і хваляваліся. Падрыхтоўкай будучых міністрантаў і лектараў займаўся кс. Іван Кароткін.
Затым адбыўся сам абрад устанаўлення міністрантаў. Апякун міністрантаў звярнуўся да пробашча парафіі дапусціць кандыдатаў да літургічнай службы алтара і даць ім Божае бласлаўленне. Перад кс. Мікалаем і ўсімі вернікамі хлопцы выказалі сваю гатоўнасць любіць Бога і для Яго хвалы прыкладна выконваць абавязкі службы алтара, а таксама паабяцалі праз сваю паслугу прычыняцца да будавання парафіяльнай супольнасці і няспынна развіваць у сабе Божае жыццё і быць прыкладам для іншых у служэнні Хрысту і Яго Касцёлу. Пасля чаго адбылося асвячэнне літургічных шатаў, кандыдаты пераапрануліся і атрымалі спецыяльнае бласлаўленне.
Быць міністрантам – гэта таксама пакліканне. Калі адчуваеш яго і хочаш служыць пры алтары – далучайся!
Слова міністрант паходзіць ад лацінскага ,,ministrare”, якое азначае ,,служыць, дапамагаць”. Гэта асаблівы від служэння. Тэрмін ,,міністрант” мае на ўвазе служэнне падчас святой Імшы. Міністрант служыць Богу, калі прыслугоўвае пры алтары, клапоцячыся пра прыгажосць літургіі. Міністрант з’яўляецца памочнікам для святара не толькі падчас Эўхарыстыі, але і іншых літургічных абрадаў і набажэнстваў, сярод якіх на першым месцы стаяць Сакрамэнты. Не менш важным ёсць удзел міністранта ў прыдрыхтоўцы алтара і ўсяго неабходнага да літургіі.
Міністрант пакліканы да выканання важнай функцыі ў Касцёле: ён павінен сваім жыццём сведчыць аб Богу, павінен маліцца не толькі падчас св. Імшы, але рабіць гэта часцей і заахвочваць іншых да малітвы. Калі ў сям’і не моляцца раніцай ці вечарам, не моляцца перад ядой, то на вас, міністранты, ляжыць абавязак прыпомніць бацькам і родным аб яе вартасці. І напэўна ваш знак крыжа і малітва перад ядой будуць добрым прыкладам для іх. Тое ж можна сказаць пра ранішнюю і вячэрнюю малітвы.
Больш фота ў суполцы ВК>>