Адышоў да Пана ксёндз канонік Дзмітрый Барыла
- Падрабязнасці
- Апублікавана 28.02.2023 13:49
Курыя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі са смуткам паведамляе, што 28 лютага на 49-м годзе жыцця і 24-м годзе святарскага служэння адышоў па вечную ўзнагароду да Пана ксёндз канонік Дзмітрый Барыла, пробашч парафіі Маці Божай Ружанцовай і святога Дамініка ў мястэчку Ракаў і дэкан Валожынскага дэканата.
Нарадзіўся 23 кастрычніка 1974 года ў Глыбокім, выхоўваўся ў каталіцкай сям’і, дзе было пяцёра братоў. Яго родны брат — ксёндз канонік Аляксандр Барыла, пробашч парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Вілейцы, дэкан Вілейскі.
Фармацыю да святарства прайшоў у Гродзенскай вышэйшай духоўнай семінарыі, скончыў факультэт кананічнага права ў Люблінскім каталіцкім універсітэце (Польшча), атрымаўшы ступень ліцэнцыята.
Спецыяліст у галіне кананічнага права, ксёндз Дзмітрый выкладаў гэтую дысцыпліну ў духоўнай семінарыі і на працягу многіх гадоў быў таксама афіцыялам Міждыяцэзіяльнага Трыбунала (касцёльнага суда) ў Мінску.
Ксёндз Дзмітрый Барыла практычна ўсё сваё святарскае жыццё быў душпастырам ракаўскай парафіі.
Вечны адпачынак дай яму, Пане…