Таямніца святла: казанне кс. Аляксандра Рагіні ў Пасхальную Вігілію

vial subota 15Два вялікія знакі характарызуюць літургічнае святкаванне Пасхальнай вігіліі. Па-першае, ёсць агонь, які становіцца святлом. Святло пасхальнай свечкі, што ў шэсці праз касцёл у цемры ночы, становіцца хваляй святла, якая кажа нам пра Хрыста – сапраўдную ранішнюю зорку, якая ніколі не хаваецца і трывае вечна – гэта Уваскрослы Езус, у якім святло перамагае цемру. Другі знак – вада. Яна прыпамінае нам, у першую чаргу, воды Чырвонага мора, смерць, таямніцу Крыжа. Затым, аднак, прадстаўляецца як крынічная вада, як элемент, які дае жыццё падчас засухі. Такім чынам, становіцца вобразам Святога хросту, які робіць нас саўдзельнікамі смерці і ўваскрасення Езуса Хрыста.

У Літургіі Пасхальнай Вігіліі, аднак, не толькі гэтыя вялікія знакі, святло і вада, з’яўляюцца неад’емнай часткай абраду. Незаменнай характарыстыкай Пасхі ёсць таксама той факт, што Літургія прыводзіць нас да сустрэчы з багатым словам Святога Пісання. Касцёл у гэтую ноч хоча весці нас вялікім панарамным аглядам на шляху гісторыі нашага збаўлення; ад моманту стварэння, выбару і вызвалення народу Ізраэля, прароцкія сведчанні, з якімі мы можам лепш зразумець выразнае значэнне збаўчай ахвяры Хрыста на крыжы і Яго ўваскрашэнне. У літургічнай традыцыі ўсе гэтыя чытанні называліся прароцтвам. У сваім прароцкім характары, яны паказваюць нам фундамент і арыентацыю ўсёй гісторыі чалавецтва. Яны нам паказваюць, што стварэнне свету і гісторыі чалавецтва становяцца празрыстай праўдай – Езус Хрыстус сапраўднае святло свету.

На Вялікдзень, раніцай у першы дзень тыдня, Бог зноў сказаў: “Хай будзе святло!” Спачатку была ноч чакання і малітвы на Аліўнай гары, затым сонечнае зацьменне мукі і смерці Езуса на Галгофе, пасля ноч у грабніцы… Але зараз ізноў новы дзень – распачата цалкам новае стварэнне! “Хай будзе святло”, - кажа Бог, “і сталася святло”. Езус падымаецца і выходзіць з магілы. Жыццё мацней за смерць. Дабро мацней за зло. Любоў мацней нянавісці. Праўда мацнейшая, чым хлусня. Цёмныя дні мінулага развеяны, калі Езус выходзіць з магілы і сам становіцца чыстым святлом Бога. З уваскрасеннем Хрыста само святло было створана нанова, бо Ён прыцягвае да Сябе ўсіх нас (людзей да нас і якія будуць жыць пасля нас), прыцягвае нас у новым жыцці ўваскрашэння і перамагае ўсе формы цемры. Ён новы дзень Бога і гэта праўда адносіцца да ўсіх нас.

Чаму так? Таму што цемра – гэта рэальная пагроза для ўсіх людзей, якія хочуць убачыць і даследаваць толькі намацальныя матэрыяльныя рэчы, багацці, жыць у сваім “зацьменні” эгаізму і нянавісці, і не бачыць і не разумець куды ідзе чалавецтва (а з ім і кожны з нас); не разумець адкуль бярэ пачатак чалавек і якое яго прызначэнне. Жыць у цемры – гэта не ведаць, што рабіць з нашым жыццём; не ведаць, што такое дабро і што такое зло. Вельмі часта мы, людзі, хаваем Бога ў цёмную магілу нашых інтарэсаў і выгод, хаваючы сапраўдныя каштоўнасці жыцця самі ж ад сябе – вось рэальная пагроза для нашага існавання, асабістага і агульнага, вось небяспека памерці, быць пахаваным у магілу нашых грахоў і не ўваскрэснуць ніколі…. Памерці для і ў цемры. Калі Бог і маральныя евангельскія парады застаюцца ў цемры, калі чалавецтва не можа разабрацца, дзе зло і дабро, то ўсе нашы людскія тлумачэнні, інтэрпрэтацыі, нават калі яны даюць нам эмацыйнае задавальненне і навукова-тэхнічны прагрэс, застаюцца ў цемры нашага слабага і смяротнага “я”. Сёння мы можам асвятліць нашы гарады тысячамі агнёў. Што калі паглядзіш на неба, то ад адбіцця электрычнага святла не ўбачыш зорак на небе; мы зазіраем у нашы смартфоны так часта, што на нашых тварах “прамянее” святло сацыяльных сетак, навін, плётак, рэклам, лёгкай нажывы, парнаграфіі… Усе гэтыя матэрыяльныя рэчы будуць добрымі для нас, калі за іх рамкі мы не выкідваем Бога і дабро, калі ва ўсім гэтым згубім Бога, то “аслепнем” у нашым эгацэнтрызме і пагоняй за матэрыяльнымі толькі скарбамі. Таму ёсць вера ў Бога, якая паказвае нам сапраўднае святло- Бога, праўдзівае прасвятленне нашых душ і розуму, каб святло Бога прабывала ў свеце праз нас саміх, каб мы адкрывалі вочы на сапраўднае святло і сваім годным жыццём і добрымі справамі адкрывалі іншым вочы на праўдзівае святло, якім ёсць Езус Хрыстус.

Дарагія сябры! У Пасхальную вігілію, у ноч новага стварэння, Святы Касцёл паказвае нам таямніцу святла вельмі асаблівым і сціплым сімвалам – пасхальнай свечкай. Гэта святло жыве сілай уласнай ахвяры. Як? Свечка згарае, даючы нам святло; яна спажывае сябе для нас. Гэта так выдатна адлюстроўвае пасхальную таямніцу Хрыста, які аддае сябе і, такім чынам, дае вялікае і непагаснае святло ўсім нам, усяму чалавецтву, усяму космасу. Святло гэтай пасхальнай свечкі дае нам агонь, які з’яўляецца сілай, якая фармуе свет, моц, якая пераўтварае і змяняе. Агонь дае нам цяпло. Агонь паказвае нам таямніцу Хрыста. Езус Хрыстус – гэта святло, агонь, полымя, якое спальвае зло, грэх, змяняючы ўвесь свет і ўсіх нас. Хто стаіць блізка гэтага агню, той стаіць блізка Хрыста. Агонь, які нас сагравае, і святло, якое нас асвячае, - гэта ёсць сам Бог, у якім мы знаходзім любоў і дабрыню.

Вялікі гімн Exsultet, які прагучаў на пачатку Пасхальнай Літургіі, мае таксама вельмі вымоўны аспект. Прыпамінае нам, што пасхал звязаны з працай пчол. Тут паказанае ўсё стварэнне. У пасхальнай свечцы стварэнне становіцца носьбітам святла. Працавітыя і арганізаваныя пчолы збіраюць мёд і кладуць іх у соты, якія яны цудоўным чынам майструюць з воску. Гэта вобраз супрацоўніцтва жывой супольнасці вернікаў у Святым Каталіцкім Касцёле, амаль як праца пчол! Гэтая супольнасць вернікаў будуе супольнасць святла. У святле гэтай пасхальнай свечкі мы можам убачыць нас саміх, нашы адносіны да касцёла і як мы жывём у супольнасці гэтага Хрыстовага касцёла (у любові і еднасці, дабрыні і прабачэнні, у малітве, праз удзел у св. Імшы і Святых сакрамантах, як мы будуем гэтую жывую супольнасць у нашых сем’ях, на вуліцах нашага горада). Калі мы імкнёмся, хочам, жадаем, стараемся быць носьбітамі гэтага святла, то сам Хрыстус уваскрослы праз нас асвятляе цемру гэтага свету, часта жорсткага, абыякавага і загубленага.

“Я з мёртвых паўстаў і я заўсёды з табой,” – кажа ўваскрослы Хрыстус кожнаму з нас, прысутным сёння ў гэтай святыні. Гэта радасць, праўда, гарантыя Пасхальнай Вігіліі: мы вольныя, мы вызваленыя ад граху, мы дзеці святла праз святы Хрост. Любоў Хрыста да кожнага з нас большая за нашы грахі. Мы павінны жыць у саюзе з Любоўю Хрыста, бо яна дае нам пазнанне праўды і сілу падымацца з-пад крыжа нашага цярпення і грахоў акрыляе нас, каб падняць бліжэй Божага святла, каб не застацца ў цемры. Таму мы молімся ў гэту ноч:

Пане, Ты паказаў нам, што любоў мацней за нянавісць, мацней за смерць. Спусціся ў цемру і бездань нашага сучаснага свету, вазьмі за руку тых, хто чака Тваёй дапамогі і святла. Прывядзі ўсіх нас да святла! Дапамажы, каб мы ўмелі прыносіць Тваё святло тым, каму яно патрэбна, каб вызваліцца з кайданаў грахоўнай цемры. Дапамажы нам, каб мы заўсёды выбіралі святло Тваёй любові, якое дапамагае нам ісці ў кірунку да вечнага святла. Амэн.