Пастырскі ліст біскупа Алега Буткевіча на ІІ Велікодную Нядзелю Свята Божай Міласэрнасці
- Падрабязнасці
- Апублікавана 13.04.2015 15:24
Паважаныя святары, браты і сёстры манаскіх супольнасцяў, дарагія вернікі!
Другая Вялікодная Нядзеля — Нядзеля Божай Міласэрнасці — гэта цудоўны дар для нас, вернікаў усяго сусвету. Гэта дар Дабрыні Бога адзінага ў Троіцы, які мы можам глыбей усвядоміць сабе дзякуючы ахвярнаму жыццю і апостальскай працы св. Сястры Фаўстыны і св. Яна Паўла ІІ. З вялікім здзіўленнем і глыбокай удзячнасцю праслаўляем сёння Божую Міласэрнасць, прымаючы асаблівую ласку гэтага Дня.
Ва ўступнай малітве літургіі сённяшняй Урачыстасці мы прасілі аб тым, каб “усе глыбей зразумелі, як вялікі ёсць хрост, праз які мы былі ачышчаныя, як моцны ёсць Дух, праз які мы былі адроджаныя і якая каштоўная Кроў, праз якую мы былі адкупленыя. Праз нашага Пана…”. Гэта наша асаблівая ласка і дар: вялікі хрост, моцны Дух і каштоўная Кроў нашага Пана. Бачнай выявай гэтай ласкі з’яўляецца добра вядомы нам абраз Езуса Міласэрнага. “Гэтыя два промні, як сведчыць у сваім Дзённіку св. Фаўстына, азначаюць Кроў і Ваду, — бледны прамень азначае ваду, якая апраўдвае душы; чырвоны прамень азначае кроў, якая з’яўляецца жыццём душаў…” (299). Гэта промні Сэрца Збаўцы, якое было адкрыта на крыжы. І так вялікі дар можа апынуцца дарэмным для нас, калі не паверым у яго, калі не прызнаем Богу магчымасці быць добрым і кожнаму дараваць яго правіны. Сам Езус св. Фаўстыне вызнае: “О, як моцна Мяне раніць недавер душы. Такая душа вызнае, што Я — святы і справядлівы, але не верыць, што Я — міласэрнасць, не давярае Маёй дабрыні. І д’яблы ўсхваляюць Маю справядлівасць, але не вераць у Маю дабрыню”. (300) Як перасцярога, і адначасова як гарантыя надзеі гучаць наступныя словы Хрыста з Дзённіка св. Сястры Фаўстыны: “Чалавецтва не знойдзе супакаення, пакуль не звернецца з даверам да Маёй міласэрнасці”. (300).
Вялікі хрост, моцны Дух, і каштоўная Кроў. Пра гэты дар кажа нам сёння таксама св. Апостал Ян, у сваім першым лісце: “Езус Хрыстус, ёсць Тым, хто прайшоў праз ваду і кроў; не толькі праз ваду, але праз ваду і кроў. І Дух дае сведчанне, бо Дух ёсць праўда”. (1Ян 5,6). Езус прыйшоў, бо быў пасланы Айцом.
І таму вялікі хрост, моцны Дух і каштоўная Кроў гэта выраз вялікай, моцнай і каштоўнай Любові Айца да нас і да ўсяго свету. Гэтая Любоў вызваляе нас з пракляцця і дае нам міласэрнасць ва Ўкрыжаваным Святару, Сыне Найвышэйшага! Езус, паміраючы на крыжы сказаў “Споўнілася”, схіліў галаву і аддаў нам Свайго Духа, сваю хвалу ахвярнай і міласэрнай Любові! І сёння, у часе гэтай літургіі звяртаецца да нас, абуджаючы веру апостала Тамаша: “Укладзі палец свой сюды і паглядзі на рукі Мае, выцягні руку сваю і ўкладзі ў бок Мой ды не будзь бязверным, але веруючым.(…) Благаслаўлёныя, якія не бачылі, а паверылі”. (Ян 20, 27-29). Гэта хвалебныя раны Міласэрнасці, дапушчаныя Богам, каб мы маглі атрымаць праз Іх новае жыццё. Іх не трэба баяцца, але варта мець веру, каб мець магчымасць да іх дакрануцца. У Эўхарыстыі. Бо праз Яе мы не проста дакранаемся да Ран Хрыстовых, але становімся праз гэта новым стварэннем, атрымліваючы жыццё Уваскрослага.
У першым чытанні мы пачулі сведчанне з Дзеянняў святых Апосталаў аб тым, што на пачатку існавання Касцёла “адзін дух і адно сэрца ажыўлялі ўсіх веруючых. Ніхто не называў сваім тое, што меў, але ўсё мелі супольнае. Апосталы з вялікай сілай сведчылі пра ўваскрасенне Пана Езуса, і ўсе мелі вялікую ласку” (Дз 4,32-33). Можна сказаць, што “Адзін дух”, гэта дух ахвярнай і міласэрнай любові, а адно сэрца, гэта Сэрца Уваскрослага. “Усё мелі супольнае”, бо “ўсе мелі вялікую ласку”. Былі Супольнасцю ахвярнай любові і Супольнасцю Аднаго Сэрца, Сэрца міласэрнай ласкавасці Бога, любоў Якога да сябе вельмі моцна адчувалі. Адчувалі ўдзеленае ім прабачэнне той адзінай рэчаіснай уладай, якую можа даць толькі Святы Дух — уладай прабачэння грахоў! Менавіта тут распачынаецца і трывае народжанае з Міласэрнасці Божае Валадарства, якое ёсць у нас. І яго нельга зразумець, і ў ім нельга трываць без Міласэрнасці Божай. З іншага боку гэтая ж Міласэрнасць, калі збірае нас разам у адну сям’ю, калі мы, як адна сям’я ўсклікаем і просім каб нас не пакідала, не можа застацца нябачнай для іншых людзей. Калі верым у яе і просім, каб Бог быў міласэрны да нас і ўсяго свету, мы самі павінны вучыцца праяўляць міласэрнасць. Свет як ніколі патрабуе сёння міласэрнасці, але Бог дае яе таксама праз нас. І, магчыма, таму не хапае яшчэ моцы нашаму сведчанню пра Уваскрослага Хрыста, бо недастаткова яшчэ самі можам быць міласэрнымі. Па гэтай прычыне яшчэ гінуць у нас ненароджаныя дзеці, састарэлыя людзі адчуваюць сябе пакінутымі і непатрэбнымі, а гарэлка і, ўсё часцей, наркотыкі, служаць “вырашэннем” праблемаў і “суцяшэннем” у горы.
Таму, у гэты Святы Дзень, калі дзякуем Богу за дар Яго цудоўнай вялікай Міласэнасці, хачу пажадаць, каб мы цанілі і з верай прымалі той каштоўны Дар, праз які мы салі Божымі дзецьмі, кб гэты дар Божай Міласэрнаці паступова пераўтвараў нашыя сэрцы на падабенства Сэрца Божага Сына, і такім чынам мы самі станавіліся для іншых дарогай спазнання бясконцай Божай Міласэрнасці.
Абдымаю ўсіх вас сваёй малітвай і ўдзяляю пастырскае благаслаўленне
У Імя Айца+, і Сына+, і Духа Святога!
+Алег Буткевіч
Біскуп Віцебскай Дыяцэзіі