Крыжовы шлях. Разважанні глыбоцкіх медыкаў

unnamedРазважанні стацый Крыжовага шляху, якія прагучалі з вуснаў медыцынскіх работнікаў у парафіяльным касцёле ў пятніцу, 13 сакавіка 2015 года. 

Стацыя 1.
Езус асуджаны на смерць

Езуса асудзілі на смерць. Ён ціхі і лагодны жыў на зямлі. Дарыў людзям жыцці, любоў, праўду, нікога не абразіў, нікім не пагардзіў. Аднак народ убачыў у Ім ворага, які заслугоўвае толькі смерці. І, нягледзячы на спробы Пілата вызваліць Езуса, ашалелы натоўп крычаў: “Укрыжуй Яго, укрыжуй!”.
Амаль дзве тысячы год прайшло з таго часу, і цяпер нам сучасным людзям, якія чытаюць Біблію на розных мовах, вывучаюць Божыя запаведзі з маленькага ўзросту, не зразумела, чаму так адбылося ў той час, за што Езуса ўкрыжавалі.
А што змянілася за гэты час?
Жанчына зачала новае жыццё. “Збаўся ад яго!” – чуе яна словы мужчыны, якому паверыла. “Навошта пладзіць бядноту” – чуе яна ад блізкіх і знаёмых. Схіліўшы галаву, жанчына ідзе на аборт, бо і ў самой не хапае веры ў тое, што Бог яе не пакіне, што Ён яе падтрымае. І як дзве тысячы год назад гучыць: “Укрыжуй Яго, укрыжуй!”.
А вось дзіця нарадзілася. Цешыцца б бацькам і песціць яго. Аднак гэта нялёгкая справа, трэба быць самаахвярным. Куды лягчэй патанаць у гарэлцы, кайфаваць пад наркатычным уздзеяннем або проста гуляць у камп’ютар. А дзіцё няхай расце на вуліцы сярод пырніка. Ізноў гучыць: “Укрыжуй Яго, укрыжуй!”.
Мая жонка была самая прыгожая, была каханая. А цягам часу яна пастарэла. Ёй няма часу накладаць на сябе касметыку. Недаспаўшая, бо трэба паклапаціцца аб дзетках, сачыць за дабрабытам у доме. А вакол столькі свабодных прыгажунь, як тут утрымацца.
А мой муж, стомлены ад цяжкай працы, стомлены бясконцымі папрокамі, што не хапае грошы, стаў часцей заглядаць у бутэльку, страціў сваю прывабнасць. А навошта ён мне такі. Няхай сам выжывае як хоча.
Сям’я страціла сэнс як супольнасць Веры, Надзеі і Любові. І гучыць яшчэ мацней “Укрыжуй Яго, укрыжуй!”.
А я вялікі начальнік. У мяне ёсць улада і шмат грошай. І што мне да тых нямоглых і бедных. Іх справа – выконваць мае загады, а не скардзіцца і даваць мне парады. І не сціхае як і раней: “Укрыжуй Яго, укрыжуй!”.
А вось мае бацькі. Яны жывуць у забытай вёсачцы. Як могуць спраўляцца са сваімі праблемамі, бо скардзіцца на хваробы і цяжкасці жыцця няма каму. Дзеці вельмі заняты, трэба зарабляць грошы, рашаюць вельмі важныя праблемы. І зноў гучыць крык “Укрыжуй Яго, укрыжуй!”.
Выйшаў на вуліцу адзінокі нямоглы сусед і пытаецца ў мяне: “Як справы? Што новага ў свеце?” У адказ: “Няма часу, спяшаюся, вельмі заняты”. І ніколі не сціхае “Укрыжуй Яго, укрыжуй!”.
А вось ляжыць чалавек на ўскрайку дарогі. Ад яго ідзе непрыемны пах і непрыстойныя словы зрываюцца з яго вуснаў. Прайду лепш бокам. Навошта мне яго чапаць і якая мне справа да яго праблем.
Зноў у думках гучыць: “Укрыжуй Яго, укрыжуй!”.
І колькі трэба яшчэ змяніцца пакаленняў, колькі тысяч год яшчэ павінна прайсці, каб гэтыя страшныя словы “Укрыжуй Яго, укрыжуй!”. Назаўсёды зніклі з нашых думак, з нашых сэрцаў, з нашых вуснаў.

Стацыя 2.
Езус бярэ крыж.

Прысуд вынесены. Езус прыняў яго моўчкі. Адразу прыносяць крыж. Асуджаны сам павінен несці яго на месца спаўнення прысуду. Пан бярэ на сябе інструмент мучэння. Дзеля гэтага Ён прыйшоў на зямлю, дзеля Крыжа – ключа, які адчыніць брамы Нябёсаў для душы чалавека, ён сам рашуча абдымае яго. У крыжы Ён бачыць даручэнне Айца і нашае збаўленне, і прагне яго ўсімі сіламі свайго сэрца.
О Пане, у гадзіну спакою і бесклапотнасці не складана сказаць: “Я гатовы на ўсё, чаго хоча Бог”. Аднак жа зусім інакш быць сапраўдны гатовым, калі з’явіцца крыж. Тады сэрца слабее і баіцца, а чалавек забывае пра сваю гатоўнасць да дабра. Пане, дапамажы нам вытрываць, калі прыйдзе гэтая хвіліна. Калі б яна не настала, прагнем быць гатовымі. Учыні нас моцнымі і велікадушнымі.

Стацыя 3.
Езус падае першы раз.

Ахвяра Езуса за нашы грахі. Ці разумеем мы ўсю глыбіню і сэнс гэтай падзеі. Як часта мы за мітуснёй дзён забываемся на чалавечнасць, мы не заўважаем патрэбу людзей, якія вакол нас, у нашай дапамозе. Нават кропля ўвагі да чужога альбо роднага чалавека набліжае нас да Езуса, да яго ахвяры за нас, усіх людзей. Езус нясе свой крыж на Галгофу не за прыгожых альбо багатых, і не толькі за веруючых у Яго, а за ўсіх людзей, за кожны наш грэх, вялікі і малы. Ён прыняў нашы грахі як свае ўласныя. Езу, навучы нас каяцца за нашы грахі, а ў штодзённым жыцці і штодзённай працы заўважаць вакол сябе ўсіх, хто прагне нашай дапамогі, нашага добрага слова. Навучы нас адносіцца да кожнага чалавека як да самога сябе. Праз бескарыслівую дапамогу, добразычлівую ўсмешку бліжняму мы таксама будзем імкнуцца трываць у справе збаўлення.

Стацыя 4.
Езус сустракае Маці.

- Пане, узглянь! Твая маці прыйшла! Езу, і нічога ёй не скажаш?
- Маці, і нічога Сыну не скажаш?
О Божа, а ці можна штосьці ў такім смутку прамовіць? Ведаем, Пане, што цяпер адчуваеш. Ты так любіш сваю Маці. Хацелася б асцерагчы Яе ад цярпенняў. Ведаем, Марыя, што Ты цяпер адчуваеш. Добра разумее толькі Тваё сэрца. А Маці заўсёды верная, бачыла, што прыйдзеш, Езу. Маці Марыя, прыйдзі і на мой крыжовы шлях. О, як Ты мне зараз патрэбна. Калі Ты прыходзіш, тады лягчэй зносіць цярпенні. Маці Марыя, вазьмі мяне за руку, хоць яшчэ дужы. Баюся, што сам не дайду да канца, што змаруся ў дарозе. О, як вельмі Цябе люблю за тое, што прыйшла, за тое, што ёсць. Дапамажы мне верыць так, як Ты верыш. І дапамажы мне знесці ўсе цярпенні, як Ты церпіш…
Хто з нас, як Марыя, можа аддаць Богу самае найкаштоўнейшае, аддаць сваё дзіця? А калі ўбачыла Яго на крыжовым шляху змучанага, акрываўленага, каранаванага церням, пад цяжарам крыжа… Як толькі змагло вытрываць Сэрца Марыі, ды не разарвацца ад болю, смутку і тугі па сваім Сыне-Збаўцы? Мы не можам нават уявіць сябе на Яе месцы.
А гэта за нашы грахі Езус быў вымушаны несці крыж і быць на ім укрыжаваны, каб уваскрэснуць і збавіць усіх нас.
Даруй нам, Маці Божая, Марыя, за нашы грахі: забойства ненароджаных дзяцей, п’янства, наркатычную залежнасць і распусту нашых дзяцей. За тое, што мы не маем цярпення ў адносінах да сваіх дзяцей. Навучы нас, Марыя, каб мы так як Ты, змаглі знесці ўсе свае цяжкасці і выпрабаванні лёсу: пабожна выхоўваць сваіх дзяцей, любіць і вучыць іх толькі дабрыні, шчырасці, самаадданасці…
Прабач нам, Езу, за тое, што мы не ўмеем любіць і паважаць сваіх маці, так як ТЫ любіў Марыю. Мы наведваем сваіх маці не так часта: віншуем са святамі, рэдка бываем у будні з-за недахопу часу. А можа нашым маці так хацелася б проста пагаварыць з нам, пасядзець за адным сталом, паглядзець адзін на аднаго, проста разам памаліцца…
Навучы нас, Пане Езу, так любіць сваіх маці, як Ты любіў сваю Маці Марыю.

Стацыя 5.
Сымон Кірынеец дапамагае Езусу несці крыж.

Разважанне будзе дададзена.

Стацыя 6.
Вераніка выцірае твар Езуса.

Езус пакінуты ўсімі. Вакол толькі бяздушнасць, варожы настрой, бязлітаснасць. Знясілены прагай і болем, аслаблены да апошніх межаў цела і дух. Крыж цягне да зямлі страшэнным цяжарам. Езус адчувае, што ўжо млее, перад вачыма ўсё хістаецца. Хтосьці іншы крочыў бы далей у поўнай роспачы, ні на што ўжо не звяртаючы ўвагу. На падыходзячую з хустай Вераніку не быў бы ў стане нават зірнуць. Хістаючыся мінуў бы яе… сляпы і глухі. Езус цяжка стогне пад крыжам, аднак сэрца Яго настолькі далікатнае і ўражлівае, што нават цяпер дацэньвае жэст Вернікі і па-божаму ёй аддзячыць. На хустцы Веранікі, якою яна выцерла твар Езуса, Ён пакідае адбітак свайго Божага Аблічча.
Пане, якое ж моцнае Тваё Сэрца і адначасова далікатнае! Толькі Ты свабодны сярод людзей-нявольнікаў жыцця і цярпення! Учыні таксама мяне свабодным! Калі буду стаяць, заглыблены ва ўласнае цярпенне, сляпы і абыякавы да людзей вакол сябе, захавай яснасць майго вока і свабоду сэрца ад эгаізму, які моцна раніць менавіта церпячага. Дапамажы мне не думаць усцяж толькі пра сябе. Не маю права нічога патрабаваць ці быць цяжарам для іншых, парушаць радасць іншага тым, што мне цяжка. Навучы мяне заўважаць кожную дробную паслугу любові, навучы мяне дацэньваць яе і быць удзячным. Так, трэба навучыцца быць карысным для іншых, бо чалавек хутчэй перамагае свае цярпенні тады, калі, нягледзячы на пакуты, дапамагае іншым. Навучы мяне думаць пра іх і разумець іх. Пакажы, як здабыць іх давер, як сказаць ім добрае слова, суцешыць, падтрымаць і дапамагчы.

Стацыя 7.
Езус падае другі раз.

Сымон дапамог, жэст Веранікі дадаў сілы, аднак Езус зноў падае. Новыя, больш глыбокія раны, яшчэ больш крыві! Новае, яшчэ больш балеснае прыніжэнне, калі жыццё выцякае разам з крывёю. Але ж другое падзенне не азначае кроку назад на крыжовым шляху. Устаючы кожны раз, мы робім крок наперад, гэта больш глыбокае перажыванне, новая перамога.
Пане, увесь Твой боль скрывае ў сабе таямнічую радасць, бо ведаеш, што з гэтага болю сыходзіць благаслаўленне і збаўленне для нас. Ці ж і я не змагу цярпець такім чынам? Ці ж не магу зносіць таго, што мяне забівае, дзеля іншых? Мае клопаты, мая праца, мой боль; ці ж не магу ў еднасці з Тваімі збаўчымі цярпеннямі занесці ў ахвяру Нябеснаму Айцу? За ўсіх, каго люблю… За ўсе несправядлівасці ў вялікім свеце… За ўсё, што вялікае, чыстае, святое, але знаходзіцца ў небяспецы…
Напоўні глыбокай надзеяй маё цярпенне – што ў ім ёсць сэнс, што яно стане благаслаўленнем для іншых! Што яно ўдзельнічае ў моцы цярпенняў Збаўцы і дапамагае там, дзе нішто ўжо дапамагчы не можа. Пане, малю цябе ўсім сэрцам, дай мне гэтае разуменне і веру! Дай моц, каб маё штодзённае паміранне мела сэнс у Табе!


Стацыя 8.
Езус суцяшае ерузалемскiх жанчын.

Езус звяртаецца да жанчын, якія плачуць, гледзячы на Яго, але гаворыць не пра сябе і пра свае цярпенні. Ён гаворыць ім пра іх жа саміх і пра тых, каго трэба ратаваць. “Дочкі ерузалемскія, не плачце па Мне, а плачце па сабе і па дзецях вашых”. Езу наймудрэйшы! Ты навучыў жанчын у тыя хвіліны, калі Табе самому было так цяжка! На жанчыне ляжыць адказнасць за будучыні яе дзяцей, але так часта яе грахі цяжкім каменем прывальваюць дзяцей да зямлі. Езу міласэрны! Твая любоў прызначаная для кожнага чалавека, але часта яе адбіраюць у тых, каму не дазваляюць нарадзіцца на свет, каб спазнаць Цябе, Тваю праўду і любоў на зямлі. Дай жа тым, хто ўчыніў зло, справядлівае пакаранне, а тых нявінных і бязгрэшных, ахіні Сваёй любоўю ў вечнасці.
Гэтая стацыя аб’яўляе велікадушнасць Езуса… Падумай, як Ён адчувае сябе ў гэтую хвіліну. Галава скалечана церням, цела парвана глыбокімі ранамі, абліваецца пякучым потам. Вакол толькі нянавісць і здзекі, а наперадзе – страшны канец. І хоць усё ў Ім дрыжыць ад болю, Ён спакойна, мужна размаўляе з жанчынамі і выконвае сваё пасланніцтва: навучае і ўказвае на тое, што сапраўды цяпер важна.
У кожнага бываюць хвіліны, калі прыгнятаюць цярпенні і ўсё дрыжыць пад іх цяжарам. Нервы не слухаюцца і вельмі складана іх утаймаваць. Калі сам мной калісьці гэта здарыцца, дапамажы мне, Пане, захоўваць спакой. Сілаю Тваёй цярплівасці хачу ўзмоцніцца! Хачу заставацца зычлівым да іншых, нават калі будуць жорсткія і нячулыя. Хачу далей з любоўю служыць сваёй працай, далей выконваць сваё пакліканне нават тады, калі мне дрэнна і балюча.

Стацыя 9.
Езус падае трэці раз.

Божа, Ты даеш жанчыне дар мацярынства. Але як яна адносіцца да гэтага дару?
Калі глядзім на сучасную сям’ю, асабліва на жанчыну, якая носіць пад сваім сэрцам зачатае жыццё, ці разумеем, што яна патрабуе нашай малітвы? Цяжарныя маці больш, чым калі-небудзь, патрабуюць нашага закліку да Бога, бо сучасны свет у такіх цяжкіх сітуацыях прапануе ім іншае выйсце, якое супярэчыць маральнаму і Божаму закону. Жанчыне, якая перажывае крызіс, звязаны з прыняццем станоўчага рашэння нарадзіць дзіця, прапануюць аборт, інакш кажучы дзетазабойства.
Мы, як медыцынскія работнікі, павінны развіваць жаданне захаваць чалавеча жыццё і яго абарону ад розных небяспекаў, незалежна ад стану і стадыі яго развіцця. Ужо на працягу некалькі гадоў у касцёле практыкуецца “Духоўнае ўсынаўленне”, якое заключаецца ў малітве за дзяцей, жыццё якіх знаходзіцца ў небяспецы, а таксама за іх бацькоў. Яна трывае 9 месяцаў. Гэта дадзенае Богу абяцанне, зместам якога з’яўляецца малітоўны абавязак канкрэтнай асобы за ўратаванне жыцця дзіцяці ва ўлонні маці, імя якога ведае толькі Бог.
Нашы з вамі, дарагія калегі, пастава і прыклад павінны паказаць бацькам, якія могуць зрабіць смяротны грэх, што Бога трэба шукаць у маленькім дзіцяці. Просім, каб як мага большая колькасць веруючых і людзей добрай волі далучыліся да гэтай формы малітвы за захаванне жыцця дзіцяці, якое знаходзіцца пад сэрцам маці. Такім ёсць пакліканне Касцёла, а значыць усіх нас, якія належым да яго. Будзем жыць згодна з гэтым пакліканнем, памятаючы, што кожны чалавек, а значыць і той, які знаходзіцца ва ўлонні маці, належыць толькі Богу.

Стацыя 10.
З Езуса здзіраюць адзенне.

Здзекі і кпіны сораму цярпенне,
Здзерлі нялюдска з Езуса адзенне.
Гэтым нанова раны абнавілі,
Воцатам паілі…
Езус, Ты аддаў нам усё, нават адзіную ўласнасць – адзенне, якое закрывала Тваё святое скрываўленае, зраненае Цела…
Пане Езу, Ты для на заўсёды святы, а ўсё што робяць з Табою, Ты церпіш за грахі, людскую бессаромнасць, за згублены сорам кожнага чалавека. Менавіта бессаромнасць часта штурхае нас на цяжкія грахі і мы апускаемся ў балота граху.
О Езу, дазволь, каб сорам і сумленне не пакідалі на с у самых розных жыццёвых выпадках. Прашу ў Цябе, Езу, чысціні цела і душы для нас, нашых сем’яў, дзяцей і моладзі.
Навучы нас шанаваць годнасць кожнага чалавека. Перапросім нашага Пана за боль, які мы Яму ўчынілі. Дапамажы Езу быць добрым і іншым чыніць дабро.

Стацыя 11.
Укрыжаванне Езуса.

Яго прыбілі да крыжа… Ягоныя рукі бездапаможныя і ўжо больш не могуць аздараўляць, благаслаўляць, чыніць дабро. Ягоныя ногі ўжо больш не пойдуць вандраваць па зямлі. Вандроўка скончылася.
Святая Езусава кроў сцякае на зямлю – збаўляе, ратуе людзей ад смерці вечнай.
А крыж мае два бакі: з аднаго боку прыбіты Хрыстос, другі застаецца пустым. Для каго? Для цябе, чалавеча! Асуджаючы Хрыста, ты вынес прысуд таксама і сабе. І ты павінен дазволіць прыбіць сябе жа Крыжа, хоць не адразу, а праз усё жыццё. Павінен адчуць цярпенне Езуса і зразумець волю Божую. Шкадуй за свае грахі і прасі: “О Езу, успомні пра мяне ў Валадарстве Тваім!”
У хвіліны гора і адчаю пашлі мне, Пане, ласку адчуць Тваю збавенную Кроў, якая надае моцы. Дай нам штораз лепш зразумець, што мы толькі тады можам належыць Табе і называцца хрысціянамі, калі здолеем утаймаваць нашы жаданні і пачуцці, і зможам мужна ісці за Табой.

Стацыя 12.
Пан Езус памірае на крыжы.

З усіх дзён тыдня добра памятаць пра пятніцу, дзень, які не з’яўляецца ні днём змёртвыхпаўстання, ні днём унебаўшэсця, ні днём Хрыста Валадара.
У вачах людзей пятніца – гэта дзень няўдачнага жыцця Езуса. Але не ў вачах Бога! Звычайна пра гэта не гавораць, але можна заўважыць, што Езусу жыццё не ўдалося. Не навярнуў Пілата, Ірада, фарысеяў. Не вылечыў усіх звар’яцелых і хворых. Паміраў, як чалавек, які падае надзею ў росквіце гадоў. Колькі яшчэ чакала на аздараўленне, а Яго забілі зусім неспадзявана, без прычын. Бесперастанна наракаем на тое, што не змаглі дапамагчы, што пастаянна маем тыя самыя грахі, што людзі нас крыўдзяць, не заўсёды бываюць удзячныя.
Між тым пятніцай можна вылечыцца і супакоіцца. Па-людску ўсё можа здавацца няўдачным, але ў Божых вачах гэта ганебныя няўдачы – штосьці велізарнае. Дзень усіх няўдач Езуса стаў днём спаўнення волі Айца. Пастаянна шукаем дня змёртвыхпаўстання, унебаўшэсця, Хрыста Валадара, а між тым пятніца – дзень-тэрапія – вучыць нас таму, што найважнейшае: выконваць волю Айца.


Стацыя 13.
Езуса здымаюць з крыжа.

Скончыліся цярпенні Пана. Мёртвы.
Як з крыжа знялі
Маці там Святая.
З цела Езуса
Кроў слязьмі змывае.
З вялікім болем Яна аглядае раны на целе свайго Сына.
О, Маці! Вочы, якія глядзелі на Цябе з павагаю – закрытыя. Рукі, якія абдымалі Цябе з падзякаю – цвікамі прабітыя. Сэрца, якое было поўнае любові і ласкі – дзідай прабітае.
Боль!!! Які невыносны боль пранізаў Тваю душу. Але Ты маўчыш, церпіш, паслухмяная Божай волі, не пакараеш. Учыні, каб мы ў цяжкія хвіліны кіраваліся Тваім прыкладам і памяталі пра выкананне Божай волі як пра найвышэйшую вартасць.
Езу, праз Тваю муку і смерць, прабач нам грахі, моцаю Твайго Духа аднаві аблічча зямлі.
Маці наша, аздараўленне хворых! Не забывай у славе Тваёй на сум гэтай зямлі. Няхай добры Твой позірк спачне на тых, якія церпяць, змагаюцца з выпрабаваннямі, на тых, каго жыццё безупынна поіць горыччу.
Балесная Маці, заступайся за самотных, за тых, якія плачуць, церпяць бядоту, голад і холад.
Марыя, Маці Міласэрнасці, будзь з намі ва ўсе найцяжэйшыя моманты нашага жыцця, міласэрна падтрымлівай нашу слабую веру. Выпрасі нам усім у міласэрнага Бога надзею і спакой.

Стацыя 14.
Езуса кладуць у грабніцу.

Набліжаўся вечар і трэба было пакласці цела Езуса ў грабніцу. Грабніцу замкнула людская рука, а пры Ўваскрашэнні з мёртвых яна была адкрыта сілай Божай.
І цябе таксама пахаваюць – гэта будзе канец твайго зямнога жыцця і пачатак жыцця вечнага, Божага, калі Яго маеш у сабе цяпер. Езус перамагае смерць, бо ўваскрасае. “І кожны, хто верыць у Мяне, не памрэ навекі!” І грабніца Езуса стала месцам жыцця, радасці і надзеі!
Надзеі, бо Касцёл наш – гэта 15 стацыя, у якой пакланяемся вялікай Міласэрнасці Божай – Найсвяцейшаму Сакраманту, дзе Езус Хрыстос пасля свайго трыумфальнага ўваскрасення застаўся з намі да канца свету. “А Я, калі буду зняты, усіх прыцягну да Сябе”, - кажа Хрыстос і так робіць. Колькі прамінула пакаленняў, народаў, рас… Колькі людзей стаяла на каленях за гэтыя тысячагоддзі на прыступках Алтара Божай любові! Ніхто не мог процістаяць Яго Святой Волі! Міласць Божай гэта ўчыніла…
Праз столькі вякоў Езус прысутнічае штодзень у Касцёлах у Найсвяцейшым Сакраманце Алтара. Ці ж гэта не цуд? “А Я буду з вамі ажно да сканчэння свету”. Гэта сапраўнае не толькі ўваскрасенне, але і жыццё сярод нас. А хто жыве, той не ведае смерці! Езус жыве! І хто верыць у Яго – не зведае смерці.
Прыходзім заўсёды да крыніцы жыцця – Божага Алтара. І прымаючы Найсвяцейшы Сакрамант, мы таксама жыць будзем!