Ксёндз Мечыслаў дзяліўся аплаткай з пацыентамі бальніцы

shpital aplatakУ перадкалядны вечар пробашч парафіі Святой Тройцы ў Глыбокім ксёндз Мечыслаў Янчышын разам з валанцёрамі парафіяльнага "Карытас" завітаў у Глыбоцкую цэнтральную бальніцу, каб падзяліцца аплаткай з хворымі, якія вымушаны на Свята Божага Нараджэння знаходзіцца ў шпіталі. Для пацыентаў бальніцы гэтая перадкалядная сустрэча са святаром была вельмі радаснай і шчаслівай. У часе ламання аплаткі ксёндз Мечыслаў жадаў усім здароўя, Божых ласкаў, аптымізму і надзеі на хуткае выздараўленне, а валанцёры "Карытас", тым часам, раздавалі хворым салодкія прысмакі.

Ніводзін пацыент бальніцы не застаўся без увагі. Асабліва ўразіла сустрэча ў дзіцячым аддзяленні, дзе святар благаславіў пакінутае дзіцятка. Дзяўчынка вельмі плакала, але, калі святар паклаў на яе галоўку сваю руку і зрабіў на лобіку знак крыжа, твар малечы засвяціўся нібыта сонейка. Божае благаслаўленне дзіцяці, якое не ведае мацярынскай ласкі, супакоіла яго і напоўніла сэрцайка цяплом і святлом.

Вельмі радаваліся незвычайным гасцям усе дзеткі. Шчыра дзячылі за прадастаўленую магчымасць на вігілію Божага Нараджэння атрымаць з рук святара аплатку - сімвал жывога Езуса - усе пацыенты бальніцы.

Па добрай традыцыі ў той перадсвяточны вечар пробашч і валанцёры парафіяльнага "Карытас" наведаліся да дзетак-інвалідаў, якія знаходзяцца дома, каб таксама падзяліцца аплаткай, павіншаваць з надыходзячым святам Божага Нараджэння, перадаць падарункі. Як сказаў ксёндз Мечыслаў, такія перадкалядныя сустрэчы - гэта магчымасць падарыць хворым Свята надзеі і радасці.

Рэгіна Марцынкевіч тэкст
Іна Вайцяховіч, фота